Змены ўступілі ў сілу

     У Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці паступаюць звароты грамадзян, іх турбуе абгрунтаванасць налічэння арганізацыямі ЖКГ плацяжоў за паслугі, у тым ліку за вываз цвёрдых камунальных адходаў у дамах, размешчаных у сельскіх населеных пунктах, у якіх адсутнічаюць зарэгістраваныя грамадзяне і якія выкарыстоўваюцца ў летні перыяд як дача.

    З 1 ліпеня бягучага года ў законную сілу ўступілі змены ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 г. № 571, што рэгулюе парадак налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі і ўнясення платы за іх. Абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг, і нават адмова ад заключэння дагавора на дадзеную паслугу не вызваляе грамадзян ад яе аплаты.

    У гарадскіх жыхароў, якія маюць загарадныя дачы або дамы, што дасталіся ў спадчыну, узнікае справядлівае пытанне: жыву на дачы ў летні сезон, а плаціць трэба круглы год. Унесеныя змены прадугледжваюць магчымасць для ўласнікаў аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, у якіх ніхто не прапісаны, з 1 кастрычніка 2018 г. прыпыняць аказанне дадзенай паслугі на тэрмін да 6 месяцаў у каляндарным годзе. Адпаведна плата за пазіцыю ў жыроўцы не будзе налічвацца. Для гэтага трэба звярнуцца з заявай у арганізацыю ЖКГ, што аказвае паслугу па абыходжанні з ЦКА або робіць разлік і налічэнне яе платы.

    Для павышэння матывацыі спажыўцоў да абсталявання жылых памяшканняў прыборамі індывідуальнага спажывання цяпла плацельшчыкам, якія ўстанавілі яго за кошт уласных сродкаў, пры аплаце рахункаў за спажытую цеплавую энергію на працягу трох гадоў будзе прадастаўляцца 10-працэнтная скідка. А тым, у каго былі ўстаноўлены такія лічыльнікі да 1 студзеня гэтага года, але імі не карысталіся, будзе прадастаўлена скідка ў 5% на ацяпленне на працягу 3 гадоў, калі яны пачнуць аплачваць прадастаўленую паслугу па цеплазабеспячэнні па прыборах. Гэтыя льготы таксама ўвялі з 1 ліпеня бягучага года. Хто па-ранейшаму збіраецца ігнараваць магчымасць разлікаў за цяпло па паказаннях ІПУ, рызыкуе трапіць у катэгорыю безуліковых спажыўцоў з усімі вынікаючымі наступствамі.

    З кастрычніка пачне дзейнічаць новы парадак ухілення дапушчаных выканаўцам (арганізацыі, што робяць налічэнні за ЖКП) памылак, у выніку якіх даводзіцца дадаткова налічваць плацельшчыку пэўныя сумы. Даналічэнне магчыма рабіць толькі за тры месяцы. Але тэрмін даўніны застаецца ранейшым (тры гады) у выпадках, калі недастатковае налічэнне адбывалася па віне грамадзяніна. Напрыклад, калі памяняўся ўласнік, а пра гэта не было своечасова паведамлена.

    Новымі зменамі ўдакладнены парадак вяртання памылкова ўнесеных лішніх сум за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі. Раней лішнія сумы не вярталіся, а залічваліся ў кошт будучых плацяжоў. Залішне заплачаныя грашовыя сродкі за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі вернуць грамадзяніну на падставе яго заявы ў абслуговую арганізацыю ЖКГ пры прадастаўленні дакумента, які засведчвае асобу, і плацежных дакументаў, што пацвярджаюць факт аплаты ЖКП.

    Пастановай прадугледжаны і шэраг удакладняючых момантаў, без якіх раней было магчыма неадназначнае тлумачэнне заканадаўства. Напрыклад, калі кватэра ва ўласнасці двух і больш грамадзян, налічэнне робіцца асобна па кожным асабовым рахунку суразмерна долі ў праве ўласнасці.

    Мяркуем, што вышэйзгаданыя змены дазволяць урэгуляваць пытанні, якія раней мелі неадназначнае тлумачэнне. Варта адзначыць, што афіцыйнае права трактаваць азначаны нарматыўны акт прадастаўлена Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (у частцы паслуг па водазабеспячэнні, водаадвядзенні (каналізацыі), тэхнічным абслугоўванні і капітальным рамонце жылога дома, абыходжанні з ЦКА, цеплазабеспячэнні і гарачым водазабеспячэнні, тэхнічным абслугоўванні ліфта) і Міністэрству энергетыкі Рэспублікі Беларусь (у частцы паслуг газа- і электразабеспячэння).

Упраўленне кантролю галін гаспадаркі

Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars