Творчая асоба з Вішнева

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

          Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

     За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ТВОРЧАЯ АСОБА З ВІШНЕВА

    Яна БІТЭЛЬ – яшчэ адна ўладальніца тытула “Вучань года-2018”. Актыўная, яркая і па знешнасці, і па характары прадстаўніца Вішнеўскай школы не аднойчы дала падставу для гонару і бацькам, і педагогам.

    Пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Вольгі Іванаўны Марковіч заваявала дыплом 1-й ступені ў абласным конкурсе экалагічных работ. Пазней атрымала сертыфікат аб удзеле на рэспубліцы. У раённым конкурсе “Юны даследчык” годна прадставіла работу па вывучэнні фінвобліку папуляцыі катоў, з гэтай жа работай выступіла на вобласці. Акрамя біялогіі, якую лічыць “сваім” прадметам, сур’ёзна ставіцца да роднай мовы. У 2017 годзе пры падтрымцы любімай настаўніцы і класнага кіраўніка Галіны Казіміраўны Красноўскай  заняла 3-е месца ў раённым конкурсе даследчых работ.

    Яе бабуля Леакадзія Іванаўна Бітэль 36 гадоў выкладала матэматыку спачатку ў Лінкаўскай, а пасля ў Вішнеўскай школах. Унучку заразіць гэтай складанай навукай не ўдалося, а вось да развіцця творчых задаткаў і памяці, фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі былая настаўніца прыклала руку. Тое, што Яна можа хутка запомніць вялікі і складаны тэкст, верш ці нават цэлую паэму, ні для кога не сакрэт. Ды і школьная самадзейнасць без яе была б не такой яркай. Дзяўчына – пастаянная вядучая на мерапрыемствах, разам з сяброўкай у іх цудоўны вакальны дуэт. Спартыўны гонар установы адукацыі таксама ў пэўнай ступені падтрымліваецца яе намаганнямі. Яна сярод лепшых па безе, гімнастыцы, добра гуляе ў баскетбол. У канцы навучальнага года заняла 3-е месца па фізкультуры на раённай спартакіядзе. Заахвоціла спрытную дзяўчынку да спартыўных перамог настаўнік Таццяна Антонаўна Страха.

   Наконт будучай прафесіі суразмоўца пакуль не вызначылася. Як вядома, людзям з рознабаковымі здольнасцямі зрабіць выбар даволі складана. Але наша гераіня зусім па-даросламу аналізуе ўсе кірункі, у якіх можа праявіць сябе. На пытанне, ці магла б правесці экскурсію па роднай вёсцы, амаль не задумваючыся пачала расказваць пра вядомых людзей, што жылі ў Вішневе, асабліва спынілася на жыццёвым шляху Шымона Перэса, узгадала гісторыю касцёла і царквы.

    Безумоўна, родныя і настаўнікі ганарацца таленавітай прыгажуняй. 1 верасня пачаўся яе апошні – адзінаццаты – год вучнёўства. Мы жадаем Яне з гонарам завяршыць вучобу ў школе і прадоўжыць адукацыю ў той установе, дзе яна зможа стаць на шлях асваення цікавай, патрэбнай прафесіі і пры гэтым захавае абаяльнасць, энергічнасць і жаданне спасцігаць новае.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars