Любоў да кнігі – вечная

    Кожны год 15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі, а з імі і многія чытачы, адзначаюць прафесійнае свята, якое з’явілася ў краіне ў 2001 годзе па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А дата свята абраная ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – галоўнага кнігасховішча краіны. Гэта дзень усіх, хто не ўяўляе свайго жыцця без кнігі, ведаў і асветы.

    2018 год – час інфармацыйных тэхналогій, калі вялікая частка чалавецтва перайшла на электронныя кнігі. Цэнавы фактар даступнасці гаджэтаў дазваляе ахапіць увесь бібліятэчны фонд свету, аднак гэта не можа замяніць «ціхі шолах старонак папяровай кнігі». Бібліятэкі па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю і для многіх застаюцца адзінай магчымасцю азнаёміцца з неабходным масівам інфармацыі або неацэнным  тварэннем – класікай.

    Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” забяспечвае ўсеагульны доступ да інфармацыі, ведаў, культуры. Сёння бібліятэчная сетка аб’ядноўвае 15 бібліятэк: Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка, Валожынская дзіцячая бібліятэка, Івянецкая  гарпасялковая бібліятэка (дарэчы, сёлета ўстанова святкуе свой стагадовы юбілей), 12 сельскіх філіялаў, з якіх 2 – бібліятэкі-клубы.

    Якаснае папаўненне кніжнага фонду – падмурак эфектыўнай дзейнасці бібліятэк раёна. Штогадовыя паступленні складаюць каля 3 тысяч новых выданняў. Агульны фонд бібліятэк раёна налічвае больш за 184 тысячы экзэмпляраў кніг, перыядычных і аўдыёвізуальных выданняў па розных кірунках ведаў. Паслугамі бібліятэк раёна карыстаюцца 13,6 тысячы чалавек у год. Штогод супрацоўнікі бібліятэк выдаюць 236 тысяч друкаваных адзінак і іншых інфармацыйных рэсурсаў. 

     З мэтай поўнага ахопу бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва ў маланаселеных і аддаленых вёсках пры Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы дзейнічае бібліобус. Ён уваходзіць у структуру аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі, бібліятэкары гэтага аддзела непасрэдна абслугоўваюць чытачоў падчас выездаў (працуе па 5 маршрутах, абслугоўваючы 8 населеных пунктаў).

    Неад’емнай часткай працы бібліятэк з’яўляецца адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. Бібліятэкары вядуць пошукавую і даследчую работу па зборы матэрыялаў пра гісторыі вёсак, знакамітых людзей, запісваюць успаміны старажылаў. Так, бібліятэкар Дорскай сельскай бібліятэкі Ганна Іванаўна Афоніна па выніках XXVI Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры 2017” адзначана заахвочвальнай прэміяй у памеры 10 базавых велічынь, на конкурс яна прадставіла працу “Сцежкамі Дорскага краю” – своеасаблівы летапіс развіцця дорскай мясцовасці. А работнікі Сугваздаўскай сельскай бібліятэкі-клуба сабралі экспазіцыю вырабаў народных промыслаў, а таксама старажытных прыстасаванняў для ручной працы. Усе экспанаты адшукаліся ў дамах мясцовых жыхароў. Некаторыя рэчы зроблены яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя і з’яўляюцца сапраўдным рарытэтам.

    Дзейнасць бібліятэк як культурна-асветніцкіх і інфармацыйных цэнтраў шматгранная і разнастайная. Адным з напрамкаў удасканалення бібліятэчнай справы з’яўляецца партнёрства і супрацоўніцтва. У чэрвені ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва бібліятэкі Дзяржаўнай установы “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” наведалі прадстаўнікі Вільнюскай раённай цэнтральнай бібліятэкі (Літоўская Рэспубліка), яны пабывалі ў гасцях у бібліятэкараў Валожыншчыны, азнаёміліся з гістарычнымі славутасцямі нашага горада і раёна. У бягучым годзе бібліятэкары ладзілі і рэгіянальны семінар, у якім прынялі ўдзел бібліятэчныя работнікі Дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка” Гродзенскай вобласці і Дзяржаўнай установы “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка”. Тэмай семінара была абрана краязнаўчая дзейнасць бібліятэк, і абедзве ўстановы падрыхтавалі даволі насычаную праграму. У ліпені на другім паверсе Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё гарадской галерэі жывапісца, нашага таленавітага земляка Уладзіміра Сайко, які падараваў бібліятэцы каля 20 пейзажаў, партрэтаў, бытавых замалёвак.

    Бібліятэчную справу стварала і стварае сваёй руплівай, самаадданай працай не адно пакаленне ўлюбёных у сваю прафесію бібліятэкараў. Гэта А. К. Родзевіч, А. І. Барахоўская, Т. В. Ланько, В. І. Шыкуць, І. Г. Танюкевіч, А. В. Сівая, А. І. Трасцянка, А. Ф. Сугака, І. В. Мамонька, Я. К. Суша, А. Г. Жвірко, Т. В. Паўленка.

     Закладзеныя старэйшым пакаленнем біблятэкараў традыцыі прадаўжаюць М. Шынгер, Н. Пахолка, В. Далінкевіч, В. Трахімовіч, Д. Гасціловіч, Н. Амілаўская, В. Русакевіч, А. Шчарбачэвіч.

    Шаноўныя калегі, шчыра віншуем вас з прафесійным святам! Жадаем моцнага здароўя, поспехаў у працы, шчасця і дабрабыту.

Настасся ПАХОЛКА,

загадчык  аддзела  бібліятэчнага  маркетынгу  Валожынскай  цэнтральнай раённай  бібліятэкі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars