Валожынскі філіял КУП «Мінаблкінавідэапракат»

Общество

 У нагу з часам, а іншы раз і апярэджваючы яго, крочыць калектыў Валожынскага філіяла КУП «Мінаблкінавідэапракат», які ўзначальвае Л. А. Махніцкая. У розныя гады ён займаў лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, вызначаўся наватарскімі падыходамі да прапаганды кіно, работы з масавым гледачом. Вопыт кінаклуба «Ракурс» прыязджалі пераймаць з іншых кінатэатраў вобласці.
Сёння ў раёне працуюць 29 стацыянарных кінаўстановак, сярод якіх 5 гарадскіх. Удалося захаваць кінатэатры ў СШ № 2 і гімназіі № 1 райцэнтра. Акрамя таго, працуюць 2 перасоўныя праекцыйныя відэасістэмы, якія абслугоўваюць дзіцячыя сады і аздараўленчыя летнікі, школы, сельскія Дамы культуры і клубы, прадпрыемствы і арганізацыі. Папярэдне распрацаваныя графікі зацверджаны райвыканкамам, і машыны кінавідэапрадпрыемства калясяць па раёне. Кіно становіцца даступным для людзей любога ўзросту.
За 11 месяцаў абслужылі 95,1 тысячы кінагледачоў. Сума валавога збору ад продажу білетаў склала 92 мільёны рублёў.
Асаблівы гонар раённага кінавідэапрадпрыемства – кінатэатр «Юнацтва», які адкрыўся ў 1972 годзе. Праз трыццаць шэсць гадоў адбылося яго другое нараджэнне – значная рэканструкцыя прынесла прыемныя і нават нечаканыя зручнасці наведвальнікам. Дызайн кіназалы на 336 месцаў падабраны ў стылі хай-тэк. Мяккія крэслы, сучасныя акустычныя матэрыялы, дывановыя пакрыцці, кандыцыянеры, прыемнае асвятленне, з вялікім густам аформленае фае. Кінавідэаапаратная абсталявана навейшай чэшскай праекцыйнай апаратурай і гукавой сістэмай «Dolby Digital». Жыхары горада маюць магчымасць глядзець практычна ўсе прэм’ерныя стужкі ў тыя ж дні, што і жыхары буйных гарадоў Беларусі.
У фае створаны ўмовы для правядзення і перадсеансавых мерапрыемстваў, і забаўляльных дарослых і дзіцячых відэадыскатэк. Працуе камп’ютэрны клуб на сем пасадачных месцаў, арганізаваны пракат відэадыскаў.
Па якасці кінапаказу і камфортных умовах нашаму кінатэатру прысвоены вышэйшы разрад. За высокія дасягненні ён неаднаразова займаў першыя месцы сярод сваіх калег па гарадской кінавідэасетцы вобласці. На гэтай сцэне ў розныя гады выступалі мэтры савецкага і беларускага кіно: рэжысёр і акцёр Ралан Быкаў, актрыса Алена Санаева, рэжысёр Ігар Дабралюбаў, акцёры Віктар Манаеў, Святлана Зелянкоўская, Анатоль Кот і многія-многія іншыя. «Юнацтва» не старэе, а маладзее разам са сваім калектывам, які сёння налічвае 14 чалавек. Тут імкнуцца захаваць ранейшыя набыткі і сказаць сваё слова, шукаюць новыя формы работы.
У гэтыя святочныя дні немагчыма не ўспомніць людзей, што ўнеслі значны ўклад у развіццё Валожынскай кінасеткі. Гэта першы дырэктар Вітольд Іванавіч Федарака, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця, былы дырэктар кінатэатра «Юнацтва» Вольга Паўлаўна Ратомская, якая верна служыла прапагандзе кінамастацтва 29 гадоў, кінамеханік I катэгорыі кінаўстаноўкі «Івянец» Марына Лявонцьеўна Шорац, чый працоўны стаж налічвае 28 гадоў. Адданасць справе шмат гадоў даказваюць кінамеханік санаторыя «Налібоцкая пушча» Раман Станіслававіч Рыснік, метадыст філіяла Ірына Мікалаеўна Букштановіч, інжынер Соф’я Адамаўна Сокалава. Гэта сапраўдныя фанаты кіно.
Каб дабівацца значных вынікаў, патрэбны не толькі моцныя асабістыя якасці, патрэбна агульная згуртаванасць, нацэленая на поспех. Дырэктар філіяла Л. А. Махніцкая лічыць, што такая каманда з 28 чалавек у яе ёсць.



Добавить комментарий