Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    Каля 100 дзяцей школьнага ўзросту і больш за 25 дашкольнага пражываюць у нашым раёне на тэрыторыях з перыядычным радыяцыйным кантролем. Не менш за адзін раз на год у абавязковым парадку яны праходзяць санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне.

    19 верасня адправіцца на аздараўленне першая ў гэтым навучальным годзе група дзяцей і падлеткаў. На раён выдзелены 40 пуцёвак у дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча”, якія размеркаваны паміж вучнямі Івянецкай сярэдняй школы, Дорскага, Пяршайскага і Багданаўскага вучэбна-педагагічных комплексаў. Пуцёўкі разлічаны на 24 дні, адпачынак будзе доўжыцца да 12 кастрычніка. Падвоз у здраўніцу арганізаваны цэнтралізавана, таксама за кошт дзяржавы. Дарэчы, у санаторыі, што знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна, па чарнобыльскай праграме дзеці не аздараўліваліся даўно.

 

    З 5 па 12 верасня на тэрыторыі гаспадарчай зоны Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” прайшоў паляўнічы тур з удзелам трох паляўнічых з Германіі.

    З імі знаходзіўся суправаджальнік, які возіць на паляванне ва ўгоддзях нашага раёна паляўнічых з гэтай краіны на працягу трыццаці гадоў. У замежных паляўнічых былі ліцэнзіі на здабычу аленя высакароднага і лася. І ім на гэты раз, як ніколі, спрыяла ўдача. Кожны вярнуўся дадому з двума паляўнічымі трафеямі.

 

    У Год малой радзімы многія вядомыя ў краіне людзі актывізавалі сваю сувязь з месцамі, дзе нарадзіліся і выраслі. Да гонару старшыні праўлення ААТ “Пріорбанк” Сяргея Аляксандравіча Касцючэнкі сувязь са сваёй малой радзімай – Вішневам – ён падтрымлівае без усялякіх заклікаў і напамінаў, і пры тым даўно.

    Банк аказаў відавочную дапамогу ў рамонце мясцовага праваслаўнага храма, неаднойчы дапамагаў матэрыяльна і Вішнеўскаму ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. “Пріорбанк” закупіў для школы спартыўнае абсталяванне на 2000 рублёў. У новым навучальным годзе тут з’явіліся новы тэнісны стол, футбольныя, валейбольныя і баскетбольныя мячы ў дастатковай колькасці, тэнісныя ракеткі і ракеткі для гульні ў бадмінтон, гімнастычныя дыванкі і іншы інвентар.

 

    Нягледзячы на ўзрост, члены клуба “Залатая восень”, які створаны пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вельмі актыўныя і лёгкія на пад’ём. Яны працягваюць мэтанакіравана знаёміцца з цікавымі мясцінамі Беларусі, многія з якіх знаходзяцца непадалёк Валожыншчыны.

    На мінулым тыдні ўдзельніцы клуба наведаліся на Гродзеншчыну. Пабывалі ў Гярвятах і ўбачылі адзін з найпрыгажэйшых храмаў – мясцовы касцёл Святой Тройцы. У той дзень пабывалі таксама ў каталіцкіх храмах у вёсках Гудагай, Варняны, Міхалішкі, што былі пабудаваны ў розныя гады ў розных стылях і маюць сваю адметную гісторыю. Мелі магчымасць убачыць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Аднымі з першых убачылі, як вядзецца рэстаўрацыя Гальшанскага замка.

 

    На стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе на кубак трэнера А. С. Латышава сярод школьных каманд.

    У спаборніцтвах удзельнічалі пяць каманд. Першае месца заваявалі футбалісты СШ № 1 райцэнтра. Другое і трэцяе – каманда СШ № 2 (другі састаў) і СШ № 2 (першы састаў). Тройка прызёраў узнагароджана граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і грашовымі прызамі.

 

    У нумары за 31 жніўня быў надрукаваны матэрыял “Зрабілі дзецям свята”. Хацелася прыцягнуць увагу да мнагадзетнай сям’і Круцько з Вішнева, дзе тры дзяўчынкі засталіся без маці.

    За гэты час у іх жыцці, акрамя валожынскай сям’і Юша, з’явіліся новыя людзі, якім таксама неабыякавы лёс сястрычак. Мнагадзетная сям’я Алы Іванаўны і Уладзіміра Антонавіча Астрамовічаў з Ашмян, якія выхоўваюць сямёра дзяцей, перадала мэблю для дзіцячага пакою ў выдатным стане. Так што адзін пісьмовы стол у дзяўчынак ужо з’явіўся. Яны паабяцалі таксама прывезці 3 камплекты пасцельнай бялізны. Сям’я дачнікаў-мінчан Ірыны і Аляксандра Ярмакоў прывезла ў Вішнева прадукты харчавання, ласункі, фламастары. А з нашага раёна адгукнулася толькі сям’я Адамовіч з вёскі Бялякі, якія паабяцалі перадаць пісьмовы стол і ложак. Сказаць сумленна, думала, што газетнае слова больш важкае і разам мы збяром грошы на мікрахвалевую печку. Пакуль што такое не адбылося. Будзем чакаць…

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars