Асноўныя напрамкі развіцця і ўдасканалення сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі

    Вызначальнае пытанне Адзінага дня інфармавання насельніцтва, які прайшоў учора ў райвыканкаме, гучала так:

АСНОЎНЫЯ НАПРАМКІ РАЗВІЦЦЯ І ЎДАСКАНАЛЕННЯ СІСТЭМЫ ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ

    Жыллёва-камунальная гаспадарка – важнейшая сацыяльна-эканамічная сфера краіны, складаны шматгаліновы вытворча-тэхнічны комплекс. Штодня яго паслугамі карыстаецца ўсё насельніцтва рэспублікі. Ад якасці працы жыллёва-камунальных службаў залежаць паспяховае развіццё эканомікі, дабрабыт людзей, іх здароўе, працаздольнасць і настроі ў грамадстве.

    Знакавай падзеяй, якая вызначыла стратэгію і тактыку ўдасканалення сістэмы ЖКГ, стаў рэспубліканскі семінар 2017 года з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Для надання новай якасці ўсёй эканамічнай і вытворчай дзейнасці галіны ў бліжэйшай перспектыве трэба засяродзіць намаганні на цеплавой мадэрнізацыі жыллёвага фонду, замене ліфтавага абсталявання, паляпшэнні якасці пітной вады, укараненні новых падыходаў да абыходжання з бытавымі адходамі, правядзенні справядлівай тарыфнай палітыкі, выкарыстанні мясцовых відаў паліва, удасканаленні структуры ЖКГ. Вынікі семінара ляглі ў аснову зацверджанай Урадам канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года.

Жыллёвы фонд, яго змест і эксплуатацыя

    У склад ЖКГ Валожынскага раёна ўваходзяць жыллёвая гаспадарка, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, камунальная цеплаэнергетыка, добраўпарадкаванне і санітарная ачыстка населеных пунктаў, азеляненне, а таксама лазневая і гасцінічная гаспадарка.

    Жыллёва-камунальнай службай абслугоўваецца 192,1 тыс. м2 агульнай плошчы жылых памяшканняў, з іх 22,8 тыс. м2 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. На балансе ўтрымліваюцца 162 жылыя дамы.

    За 2017 год уведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 3,9 тыс. м2, што склала 2% ад агульнай плошчы, якая абслугоўваецца. Сёлета  плануецца капітальна адрамантаваць 4,2 тыс. м2 агульнай плошчы жылых дамоў (2,2% ад плошчы).

    Неабходнасць правядзення капітальнага рамонту вызначаецца на падставе абследавання жылога дома і тэрміну яго службы. Спісы дамоў, якія маюць патрэбу ў капітальным рамонце, фарміруюцца райвыканкамам з перспектывай на 1 і 5 гадоў. Пералік дамоў на бягучы год публікуецца ў раённай газеце.

Водазабеспячэнне і водаадвядзенне

    Штодня водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркай у кватэры і дамы жыхароў раёна падаецца каля 3,1 тыс. м3 вады. Забяспечанасць гарадскога насельніцтва цэнтралізаваным водазабеспячэннем склала 92,2%, аграгарадкоў – 79,5%. Усе спажыўцы забяспечваюцца вадой з падземных крыніц.

    Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача да 2025 года забяспечыць 100% спажыўцоў вадой пітной якасці. Для безумоўнага яе выканання неабходна пабудаваць станцыі абезжалезвання ў 9-і населеных пунктах раёна. На 2016-2020 гады запланавана будаўніцтва станцый абезжалезвання і рэканструкцыя сетак водазабеспячэння ў Івянцы, аграгарадках Доры, Вішнева, Сакаўшчына, Ракаў, а таксама завяршэнне работ па аб’екце «Будаўніцтва артэзіянскай свідравіны, станцыі другога ўздыму і рэканструкцыя сетак водазабеспячэння ў г. Валожыне».

    За апошнія гады ў раёне пабудаваны 3 станцыі абезжалезвання, пракладзена каля 7 км новых водаправодных сетак. Завяршаецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Ракаве, вядуцца работы па будаўніцтве сетак водазабеспячэння і станцыі абезжалезвання ў вёсцы Бузуны.

Цеплазабеспячэнне

    Цеплазабеспячэнне жыллёвага фонду і арганізацый г. Валожына і раёна ажыццяўляюць 38 кацельняў, 28 з якіх пераведзены на мясцовыя віды паліва, 3 кацельні – камбінаваныя. 7 крыніц цеплазабеспячэння працуюць на газападобным паліве.

    За 2017 год па РУП «Валожынскі жылкамунгас» доля МВП у паліўным балансе склала 42,9%.

    За 2016-2017 год ліквідаваны 2 кацельні (у сувязі з закрыццём устаноў адукацыі), мадэрнізаваны 2 газавыя кацельні і 1 кацельня на МВП з пераводам іх у аўтаматычны рэжым працы. За 7 гадоў заменены 14,8 км цеплавых сетак.

    РУП «Валожынскі жылкамунгас» па стане на 17 верасня нарыхтаваў 7 тыс. шчыльных кубаметраў драўнянага паліва (100% ад задання), створаны запас паліўнага мазуту (34 тоны, або 100% ад задання), у тым ліку ў якасці рэзервовага паліва для газавых кацельняў. Падрыхтаваны 162 жылыя дамы для эксплуатацыі ў асенне-зімовы перыяд. Праводзяцца работы па мадэрнізацыі гарачага водазабеспячэння ў 12 жылых дамах райцэнтра. Атрыманы 33 пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц, якія знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ (100% ад агульнай колькасці). У цэлым мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках падрыхтоўкі да АЗП, выкананы цалкам.

Другасныя матэрыяльныя рэсурсы

    За апошнія гады ў раёне створаны неабходныя ўмовы і інфраструктура для збору, вывазу і размяшчэння цвёрдых камунальных адходаў у адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі і стандартамі. У раёне налічваецца 591 кантэйнерная пляцоўка, з іх 268 абсталяваны кантэйнерамі для раздзельнага збору адходаў. Фактычны працэнт ахопу насельніцтва раздзельным зборам складае 100%, уключаючы сельскія населеныя пункты. У 2017 годзе нарыхтавана 528 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Удасканаленне тарыфнай палітыкі ў сферы аказання ЖКП і сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва

    Прадпрыемства праводзіць пастаянную работу па зніжэнні выдаткаў на аказваемыя насельніцтву паслугі. За 2015-2017 гады эканомія выдаткаў склала 1718 тыс. руб.

    Ва ўмовах росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі павышаная ўвага надаецца дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз прадастаўленне сем’ям з нізкімі даходамі безнаяўных жыллёвых субсідый. З пачатку года дзяржаўная падтрымка для аплаты ЖКП прадастаўлена 85 сем’ям на суму 736 рублёў.

Павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій

    Да канца 2018 года ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы будзе створана адзіная дыспетчарская служба 115. У дачыненні да Валожынскага раёна даручэнне рэалізуецца шляхам стварэння ўзбуйненай адзінай дыспетчарскай службы на прадпрыемствах ЖКГ у Маладзечне (з абслугоўваннем Маладзечанскага, Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага раёнаў).

    Важным напрамкам у рабоце з’яўляюцца інфармаванне і растлумачэнне заканадаўства па пытаннях ЖКГ. У 2015 годзе Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі быў створаны партал камунальнай пісьменнасці.

    У рамках адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы створана аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма па ўліку, разліку і налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі – АІС «Разлік-ЖКП».

Наш кар.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars