Да фізічнага і духоўнага аднаўлення вядзе Любоў

Любоў Паўлаўна ЛЕРАНТОВІЧ – інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ФАЦ.

     Глянуўшы на яе вытанчаную постаць, яшчэ здаля вызначыш – дзяўчына альбо танцорка, альбо спартсменка. Дарэчы, і тое, і другое – праўда. У свет танца яе ўвяла матуля. Наталля Пятроўна Шыркова – чалавек на Валожыншчыне вядомы, некалькі пакаленняў дзяўчынак пад яе кіраўніцтвам набыло навыкі харэаграфіі.У элегантнай, жаноцкай маці і дачушка павінна была вырасці такой жа – рухавай, з выдатнымі пачуццём рытму і ўменнем гарманічна рухацца. Фізічнаму развіццю дапамаглі і заняткі тэнісам пад кіраўніцтвам Васілія Васільевіча Ажарэльева. У выніку дзяўчына вырасла фізічна і духоўна развітай.

    Пытанне – кім быць? – для яе не ўзнікала. Дакладна ведала: будзе набываць прафесію ў Акадэміі фізічнага выхавання. Вырашыла прысвяціць жыццё прапагандзе фізічнай культуры праз розныя віды сілавой нагрузкі – шэйпінг, пілатэс, аэробіку. Гады вучобы не прайшлі дарэмна. Шмат узяла і з тэарэтычных, і з практычных заняткаў, удасканаліла ўласную фізпадрыхтоўку. Удзельнічала ў семінарах, што ладзяцца кіраўніком цэнтра “Багіра”, знакамітай гімнасткай і тэлевядучай Наталляй Наважылавай (мае сертыфікаты міжнароднага ўзроўню). Не аднойчы наведвала і майстар-класы прафесіяналаў у Маскве.

     Яшчэ ў ВНУ захапілася ёгай. Падчас нашай сустрэчы на просьбу патлумачыць, што гэта такое, паведаміла: “Ёга – паняцце індыйскай культуры. У шырокім сэнсе азначае сукупнасць духоўных і фізічных практык, якія былі распрацаваны ў розных напрамках індуізму і будызму. Галоўнай мэтай сапраўдных ёгаў з’яўляецца кіраванне ўласнай псіхафізіялогіяй дзеля дасягнення найвышэйшага псіхічнага і духоўнага стану. Мы ж прапагандуем аздараўленчую ёгу праз асаны (становішча цела, у якім кіраванне энергіяй і фізіялагічнымі працэсамі ажыццяўляецца праз нацяжэнне, зжацце і напружанне цела) і пранаяму (кіраванне жыццёвай энергіяй з дапамогай дыхальных практыкаванняў)”.

     У дзень нашай сустрэчы ў інструктара, згодна з графікам, значылася функцыянальная трэніроўка для маладых жанчын (практыкаванні ў суправаджэнні рытмічнай музыкі), а пасля – заняткі ёгай, якія наведваюць жанчыны і мужчыны рознага ўзросту. Першую я толькі назірала. Уключыцца ў хуткі рытм і атрымаць значную нагрузку мне падалося складаным. Вырашыла паспрабаваць менавіта ёгу. Тут, каб пачаць, ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі не патрэбна, асобнага адзення – таксама. Увесь час гучыць даволі манатонная, але прыемная мелодыя, чуваць дыханне наведвальнікаў. З першага разу ў мяне так гучна дыхаць не атрымалася. Голас інструктара, роўны, наўмысна без эмоцый, дазваляе засяродзіцца на ўласных адчуваннях. Непрывычна тое, што працяглы час патрэбна знаходзіцца ў пэўнай, часта даволі складанай, позе. Асабліва цяжка трымаць раўнавагу. Тым не менш, напрыканцы заняткаў адчуваеш небывалую лёгкасць і тое, што прынята называць перазагрузкай. Безумоўна, каб выглядаць так, як Любоў Паўлаўна, і гэтак жа, як яна, спраўляцца з асанамі, неабходна прыкласці намаганні, але сама інструктар заклікае тых, хто трапіў у кола яе аднадумцаў, у першую чаргу атрымліваць ад заняткаў задавальненне. Мне асабіста статычная нагрузка падалася цікавай, захацелася далучыцца да групы.

    Наведвальнікі са стажам, такія як Дар’я Васілеўская, Вераніка Рубацкая (функцыянальныя трэніроўкі), Ала Мышлён, Наталля Кандар, Сяргей Русакевіч, Вера Стральцова (ёга),  не ўяўляюць жыцця без сістэматычных нагрузак. Таму некалькі разоў на тыдзень шпаркім крокам накіроўваюцца ў бок ДЮСШ, дзе размяшчаецца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Там іх чакае ўсмешлівая дзяўчына, якая ўмела пераўвасабляецца ў патрабавальнага трэнера і мэтанакіравана вядзе іх да фізічнага і духоўнага аднаўлення.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars