Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

У сістэме спажывецкай кааперацыі раёна ўкараняецца канцэпцыя тыпізацыі гандлёвых аб’ектаў: адпрацоўваецца тэхналогія продажу тавараў па метадзе поўнага самаабслугоўвання.

    Як вядома, новае – гэта добра забытае старое… І, здаецца, своечасова райспажыўкааперацыя ўзялася нешта мяняць, пакуль толькі ў пераабсталяванні сваіх гандлёвых кропак. Пільную ўвагу апошнім часам да спраў у спажывецкай кааперацыі праяўляе Прэзідэнт краіны. Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што ў лютым правядзе сур’ёзную нараду па выніках работы кааператараў за год.

    Перамены ў гандлёвых залах закранулі пакуль прадуктовыя магазіны райцэнтра і аграгарадкоў, у васьмі з іх яны ўжо пераведзены на метад самаабслугоўвання. На чарзе – магазін у Сугваздах. Узорнымі сталі гандлёвыя кропкі ў Пяршаях і № 2 у пасёлку Багданаў. Відавочныя змены пакупнікі назіраюць і ў магазінах “Мерыдыян”, “Мясная лаўка”, “Алеся”, “Мінскі край”, кардынальна будзе пераабсталяваны “Гасцінец”. Усё вядзецца практычна без матэрыяльных затрат. Але, на мой погляд пакупніка, выкладка і даступнасць тавараў – не самае галоўнае. Цэны і асартымент, якасць прадукцыі – вось што ў першую чаргу можа прыцягнуць пакупнікоў.

 

    26-28 верасня ў Мінску ў павільёне БЕЛЭКСПА праходзіць “ХХV Міжнародная турыстычная выстаўка-2018”. Упершыню на выставе прысутнічае не толькі дэлегацыя нашага раёна, але і выстаўлены стэнд “Валожын для ўсіх: прасоўваем усеагульную даступнасць”.

    27 верасня прайшла прэзентацыя “Валожыншчына турыстычная”, падчас якой з паведамленнем выступіла галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Валянціна Башаркевіч. Яна падзялілася таксама першым нацыянальным вопытам па адаптацыі турыстычных паслуг для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў рамках праекта “Валожын без бар’ераў”. Прадстаўнікі аграсядзіб “Свет пчол”, “Ганка” і іншых дзяліліся сваімі “фішкамі” ў прыцягненні турыстаў, першыя вынікі сумеснай работы падвёў спажывецкі кааператыў “Валожынскія гасцінцы”. З інфармацыяй “Даступная вада” выступіў гаспадар аграсядзібы “За масточкам” Дзмітрый Наканечны.

 

    З 18 верасня новым дырэктарам ДУ “Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Валожынскага раёна” прызначаны Аляксей Сяргеевіч Патапчанка, які змяніў на гэтай пасадзе Ганну Сяргееўну Хількевіч.

    А. С. Патапчанка нарадзіўся і вырас у Валожыне. Пасля заканчэння БДУФК, дзе атрымаў спецыяльнасць “Трэнер па футболе”, па накіраванні прыехаў працаваць у родны горад. Адбылося гэта ў 2016 годзе. Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр – першае працоўнае месца маладога спецыяліста.

 

    Папа Рымскі Францыск 22-25 верасня наведаў краіны Балтыі. 100 тысяч чалавек прыйшлі на месу з Папам Рымскім у Каўнасе 23 верасня. Сярод іх былі амаль 2 тысячы беларусаў. Людзі маліліся на розных мовах, але разам.

    Сярод тых, хто прысутнічаў на святой імшы ў парку Santakos, былі таксама вернікі з Валожына, Івянца, Ракава, магчыма, іншых населеных пунктаў нашага раёна. Дабіраліся яны ў Літву на сустрэчу з Папам Рымскім па ўласнай ініцыятыве. І для ўсіх гэты момант стаў незабыўнай падзеяй. У кожным сектары парку былі расстаўлены маніторы, таму было ўсё добра бачна і чутна. Нашы вернікі на наступны дзень пабывалі на службе ў касцёле невялікага гарадка Кайшадорыса, дзе яна вялася па-беларуску, сустрэліся з прадстаўнікамі духавенства і гарадской улады.

 

    Газета “Знамя юности” за 20 верасня ў матэрыяле “Бізнес-сальта на бервяне” знаёміць з 29-гадовым прадпрымальнікам з Валожына Ігарам Стасяловічам.

    У свае няпоўныя трыццаць гадоў гэты малады мужчына мае ўласны бізнес. Можна сказаць, што сёння гэтым нікога не здзівіш. Хто толькі не гандлюе, не займаецца рамонтамі ці іншымі відамі будаўнічых работ, у лепшым выпадку – грузаперавозкамі. І. Стасяловіч адкрыў у вёсцы Аўгустова лесапілку і СТА. А гэта няпросты бізнес, часцяком гаспадару даводзіцца працаваць нароўні з рабочымі, але маладога бізнесмена гэта не палохае. Дарэчы, аўтар матэрыялу – журналістка Вікторыя Крупянькова таксама мае дачыненне да нашага раёна. У вёсцы Няровы жывуць яе бабуля і дзядуля.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars