Вучань года

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

          Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

     За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ВУЧАНЬ ГОДА

     Дзевяцікласніца Багданаўскай СШ Настасся ЧАСНОЎСКАЯ перамагла ў намінацыі “Лепшы ў вучэбнай дзейнасці” і стала вучнем 2018 года.

    Як расказала настаўніца Алена Міхайлаўна Гардынец, гэта дзяўчынка – усебакова развітая асоба. Летась яна ўдзельнічала ў раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, дзе заняла 3-е месца, потым абараняла гонар навучальнай установы на вобласці. Разам са сваёй сяброўкай Гражынай Амельяновіч пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Іванаўны Белановіч займалася навукова-даследчай працай па фізіцы. Курс базавай школы Насця скончыла на выдатна і гатова гэтак жа паспяхова прадаўжаць вучобу ў 10-м класе.

    Акрамя абавязковых прадметаў, дзяўчынка паспела добра асвоіць наш нацыянальны музычны інструмент – цымбалы. Як лічаць педагогі, стаць эрудытам, расшырыць кругагляд Насці дапамаглі любоў да кнігі, імкненне да творчага самавыяўлення, здаровыя амбіцыі. Запас ведаў дзяўчынкі запатрабаваны ў пазакласнай рабоце: выступленнях каманды КВЗ, турнірах па прадметах і правядзенні розных урачыстасцей.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

     Вучнем года стала і чацвёртакласніца Ганна МАТУС. Ганаровае званне дзяўчынка атрымала ў намінацыі “Самы актыўны вучань”. Першая настаўніца Ганны Марына Міхайлаўна Даніленка ўпэўнена, што яе вучаніцу ў будучым чакаюць больш важкія поспехі.

     Бацькі Ганны працуюць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве: мама – бухгалтар, тата – механізатар. У сям’і Матусаў падрастаюць трое дзяцей. І гэта добра выхаваныя, атуленыя хатнім цяплом і любоўю дзеці. Ганначка – самая малодшая. Магчыма таму, што з нараджэння знаходзіцца ў акружэнні блізкіх, рознаўзроставых людзей, дзяўчынка вызначаецца камунікабельнасцю. Аднакласнікі безагаворачна выбралі яе старастай класа. 

    Педагогі Багданаўскай школы імкнуцца, каб за гады вучобы дзеці не трацілі індывідуальнасць, каб у поўнай меры развівалі свае задаткі і здольнасці. Падапечныя настаўніцы Наталлі Адамаўны Варановіч станавіліся дыпламантамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў па выяўленчым мастацтве. Каманда дзяўчынак 2003-2004 гадоў нараджэння стала бронзавым прызёрам адкрытага маладзёжнага першынства вобласці па футболе. Максім Сініцкі мае нядрэнныя шансы вырасці ў артыста: яшчэ будучы пяцікласнікам, ён пакарыў раённую сцэну, чытаючы байкі Кандрата Крапівы. За кожным такім поспехам – мэтанакіраваная праца настаўнікаў і бацькоў.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars