Калі ўзрост не пажылы – крэатыўны

      Упершыню ў Беларусі праведзены фестываль “Крэатыўны ўзрост”. Мерапрыемствы ў яго рамках адбыліся на сямі пляцоўках па ўсіх абласцях рэспублікі. На Міншчыне ініцыятыву падтрымаў Валожынскі раён. Крэатыўных людзей старэйшага ўзросту прыняла аграсядзіба “Раўнавага”, дзе разгарнуліся некалькі тэматычных пляцовак.

    Каб мерапрыемства падарыла ўдзельнікам не толькі радасць, але і карысць, сярод запрошаных аказаліся супрацоўнікі аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”. Банкаўскія работнікі да афармлення сваёй інфармацыйнай зоны падышлі з адказнасцю. Акрамя яркіх банераў з лагатыпам фестывалю, былі спецыяльна заказаны шары, блакноты, ручкі, бранзалеты. Начальнік аддзела рознічнага продажу Аляксандр Мікалаевіч Санюковіч з супрацоўніцамі Галінай Мікалаеўнай Шырокавай і Святланай Мікалаеўнай Багуцкай падрабязна расказвалі ўсім зацікаўленым пра пакет паслуг, які створаны спецыяльна для старэйшага пакалення банкаўскіх кліентаў.

     Пляцоўку аддзялення дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю прадставіла Наталля Аляксандраўна Буклыс. Мноства цікавых работ можна было пабачыць на стэндах – карціны, вышыўка, лялькі. Падчас майстар-класа па сухім валянні воўны майстрыха прапаноўвала павучыцца ствараць незвычайныя вырабы.

     Некалькі цікавых зон аформілі супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту з дапамогай жанчын, што з’яўляюцца актыўнымі наведвальніцамі і самога аддзялення, і клубаў “Лэдзі”, “Залатая восень”.  Нельга было не затрымацца ля выставы, дзе прадстаўляліся рарытэтныя рэчы. Старадаўні чамаданчык, гармонік, фотаапарат… За кожным прадметам – асобная гісторыя.

    Мёд і стравы на яго аснове сталі тэмай выставы “Мядовы хіт”. Тут гаспадарыла заўзяты пчаляр Галіна Сцяпанаўна Аксіневіч. Шаноўную жанчыну заняцца карыснай справай вымусілі складаныя абставіны. Застаўшыся ўдавой, яна не магла дазволіць прапасці гадаванцам мужа. З дапамогай сяброў і кніг прадоўжыла яго справу. Акрамя гаспадарскіх клопатаў, якіх мае дастаткова, з’яўляецца аматаркай падарожжаў, разам з сяброўкамі ходзіць у басейн, на заняткі па пілатэсу, удзельнічае ў мерапрыемствах.

     Ніна Сямёнаўна Казыра – таксама чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна шчыра лічыць свой узрост крэатыўным. Пасля выхаду на пенсію давялося сутыкнуцца з мноствам выпрабаванняў, справіцца з якімі дапамагла творчасць. Менавіта тады ўпершыню ўзяла ў рукі вязальны кручок і прыступіла да стварэння прыгожых і карысных рэчаў – хустак, світараў, камізэлек. Хоць была раней дамаседкай, цяпер заняткі лячэбнай фізкультурай і вандроўкі стараецца не прапускаць.

    Леаніда Уладзіміраўна Далінкевіч і Галіна Іванаўна Канапелька прадставілі зону фітнесу. Прыгожыя, спрытныя жанчыны разам з інструктарамі Хрысцінай Аляксандраўнай Спічак і Любоўю Паўлаўнай Лерантовіч паказалі сапраўдны флэшмоб, які ўключыў амаль усе віды фізічнай нагрузкі, рэкамендаваныя для людзей ва ўзросце. Як адзначылі маладыя кіраўнікі, у любыя гады і жанчыны, і мужчыны павінны сачыць за здароўем, а ў крэатыўным – тым больш. Сёння, калі ў райцэнтры дзейнічае басейн, прапаноўваюцца некалькі відаў сілавой нагрузкі, валожынцы проста не маюць права дрэнна выглядаць.

    Яшчэ адна дама прыгожага ўзросту – Ганна Харытонаўна Марачэўская разам з валанцёрам ад дзіцячай школы мастацтваў Алегам Фадзеевічам Каранеўскім склалі цудоўны музычны дуэт і парадавалі прысутных песнямі былых часоў. Прыгожы, моцны голас спявачкі – былой медыцынскай сястры – падбадзёрваў, дарыў асалоду, а знешні выгляд жанчыны (дагледжаная, стыльна апранутая, з моднай прычоскай) даваў надзею больш юным удзельнікам на магчымасць заставацца маладымі доўга-доўга і ніколі не губляць жыццёвага аптымізму.

     Жанна Мікалаеўна Жывіцкая ў гэты дзень старанна дапамагала дачцэ прымаць гасцей. Былы медработнік, шматгадовы кіраўнік раённага прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа выказала думку: “Крэатыўны ўзрост перажываюць не ўсе. Многія дазваляюць сабе яшчэ з маладых гадоў паглыбляцца ў старасць. Тут справа ў стане душы. Калі ты няўрымслівы, поўны юначага запалу, тады пашпартны ўзрост адыходзіць на задні план. Застаецца толькі ўзрост сапраўдны – той, што адлюстроўвае ўнутраны свет чалавека”.

    Гаспадыня “Раўнавагі” – даўні сябар аддзяленняў ТЦСАН, яна не аднойчы прадастаўляла сваю сядзібу для правядзення сацыяльна значных мерапрыемстваў. У гэты дзень Ларыса Альбертаўна Мытнік асабліва старалася, каб госці адчувалі сябе ўтульна – вельмі паважае тых, хто не паддаецца гадам і абставінам. Давялося сустракаць і тэлевізіёншчыкаў. Канал “Беларусь 1” яскрава паказаў адметныя моманты фестывалю. На жаль, з-за арганізацыйных накладак (у Інтэрнэце было абвешчана, што месцам правядзення стане аграсядзіба «Засценак Скрыплева») не дачакаліся ў “Раўнавазе” гасцей з іншых рэгіёнаў. Праўда, як кажуць, хто хоча, той даб’ецца. Муж і жонка Валянціна Анатольеўна і Аляксандр Фёдаравіч Лаўрыновічы з Мінска адшукалі месца правядзення мерапрыемства і атрымалі безліч станоўчых эмоцый.

     Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі сабраліся за шыкоўным салодкім сталом. Пачастункі ад спецыяліста ТЦСАН Аляксандры Сяргееўны Іода і дачкі гаспадыні Анастасіі ацаніў кожны.

     Усе арганізацыйныя пытанні ў гэты дзень давялося вырашаць кіраўніку аддзялення дзённага наведвання людзей пажылога ўзросту Ірыне Валер’еўне Кавязе, якая такім чынам пракаментавала ідэю фестывалю: “Узрост толькі ў нашых галовах. Жанчыны, з якімі працую, яго не прызнаюць. І гэта не таму, што хтосьці пра гэта паклапаціўся. Проста яны хочуць жыць поўным жыццём, добра сябе адчуваць. Таму самі стараюцца расквеціць уласны лёс. У астатніх людзей ёсць выбар: ці старэць у адзіноце, ці… далучацца да тых, чый узрост не пажылы, а крэатыўны”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars