Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    З 1 кастрычніка раённы вузел паштовай сувязі пераўтвораны ў Валожынскі ўчастак Маладзечанскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі. Начальнікам участка засталася Людміла Леанідаўна Шаўрэй.

    Кіраўніцтва запэўніла, што на абслугоўванні кліентаў гэта змяненне ніякім чынам не адаб’ецца. У поўным аб’ёме захоўваюцца сетка аб’ектаў паштовай сувязі, машынны парк, таксама ўсе аддзяленні будуць працягваць гандляваць таварамі першай неабходнасці і прадуктамі. На некалькі чалавек зменшыцца толькі штат адміністрацыі.

 

    На мінулым тыдні на базе нашага раёна прайшла абласная калегія камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

    У рабоце выязной калегіі бралі ўдзел больш за 70 чалавек: непасрэдна яе члены, работнікі камітэта, начальнікі раённых упраўленняў, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і дырэктары дамоў-інтэрнатаў. У рабоце калегіі прымаў удзел намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун.

    Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Г. Ф. Рай пазнаёміла прысутных з ходам рэалізацыі праекта Міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Валожын без бар’ераў: узмацненне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю”. Удзельнікі калегіі наведалі шэраг аб’ектаў безбар’ернага асяроддзя ў райцэнтры, пазнаёміліся з абсталяваннем у раённай паліклініцы спецыяльнага пад’ёмніка і туалета для інвалідаў. Госці пабывалі на экалагічнай сцежцы ў Налібоцкай пушчы, якая таксама стала даступнай для людзей з інваліднасцю.

 

    Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей раённае аддзяленне Таварыства Чырвонага Крыжа перадало для пацыентаў Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду каля 500 адзінак мужчынскага і жаночага адзення, абутак.

    Гэтыя ахвяраванні сабраны жыхарамі раёна. Для адной з пацыентак перададзена ўпакоўка памперсаў.

 

    Басейн і водныя купелі ў будынку ДЮСШ да 10 кастрычніка закрыты на планавыя прафілактычныя работы ў выглядзе санітарнай апрацоўкі, механічнай ачысткі і дэзынфекцыі.

    Хочаца напомніць, што на працягу года прафсаюзныя арганізацыі многіх працоўных калектываў раёна набывалі для сваіх работнікаў абанементы на наведванне басейна і заняткі ў фітнесзале. У гэтым плане вызначыўся “Данпрод”, які закупляў не менш за 30 абанементаў штомесяц. Дбалі пра здаровы лад жыцця сваіх членаў філіялы Белтэлекама, малочнага камбіната, Еўраопт, райбальніца, раён электрычных сетак, ліцэй, Следчы камітэт. Набывалі абанементы нават дарожныя арганізацыі, якія працуюць на будаўніцтве трасы Мінск-Гродна. Хочацца, каб гэта добрая традыцыя аднавілася і пасля завяршэння прафілактычных работ, а ў новым сезоне далучыліся новыя прафсаюзныя арганізацыі, напрыклад, лясгаса, ільнокамбіната, жылкамунгаса, райаграпрамтэхнікі, івянецкіх прадпрыемстваў і іншыя.

 

    У канцы верасня ў музеі настаўніка В. В. Рагяля ў Дубіне прайшоў майстар-клас па пляценні паясоў на ніту, які пагадзілася правесці майстар з Суднікаў Наталля Лукашык.

    У Дубіну майстрыха завітала разам з дзецьмі, што з маленства далучаны да рамёстваў, якімі валодае іх маці. У майстар-класе прымалі ўдзел члены аб’яднання “Бацькаўшчына”, яны з задавальненнем успомнілі маладосць, вясковыя дзеці, а таксама госці з Мінска, Валожына, Вілейкі, што на той момант былі ў Дубіне.

 

    Белдзяржфілармонія адкрыла новы сезон у навучальным годзе ў сваім філіяле – Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў.

    У актавай зале адбыўся канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі флейтысткі Дар’і Елісеевай. У яе выкананні прагучалі музычныя творы розных стыляў і эпох. На канцэрце пабывалі выкладчыкі і вучні школы. Мне здаецца, што дырэкцыя ўстановы магла б больш прапагандаваць такія канцэрты камернай музыкі з удзелам сталічных музыкантаў. Калі б аб’явы з’яўляліся загадзя, то і многія валожынцы з задавальненнем бы правялі будны дзень у свеце музыкі.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars