Калабкі вучаць правілам паводзін у інтэрнэце

     На сцэне раённага Цэнтра культуры прайшоў спектакль-шоу “Колобанга. Привет, Интернет.by”, які быў створаны на аснове папулярнага, любімага дзецьмі і дарослымі мультфільма.

    Цікавы адукацыйны праект увасобілі ў жыццё прадзюсарскі цэнтр Андрэя Квашэвіча сумесна з лепшымі акцёрамі і рэжысёрамі Мінска пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пастаноўка атрымалася маляўнічай і пазнавальнай. Яркі, вясёлы, разумны музычны спектакль прыйшоўся рабятам даспадобы.

    Захапляльны сюжэт апавядае пра тое, як злосны вірус Майдум выкраў паштовага сабаку Атоса. У выніку ні адно электроннае паведамленне не можа дайсці да адрасата. Патрэбна перазагрузка камп’ютара, але гэта назаўсёды знішчыць краіну Калабанга. Галоўныя героі калабкі-смайлікі Калабок, Разумнік і Чолка не губляюцца і ўступаюць у бой з вірусам.

    Гледачы затаіўшы дыханне, з непрыхаванай цікаўнасцю сачылі за дзеяй, якая адбывалася на сцэне. Дзіцячыя куміры ў гульнявой форме яшчэ раз нагадалі рабятам, што нельга ў сетцы дзяліцца з незнаёмымі людзьмі паролем ад электроннай пошты, што рабіць, калі вельмі хочацца скачаць новую гульню, як пазбегнуць заражэння камп’ютара віртуальным вірусам і інш. Рабятам у даступнай форме растлумачылі: у інтэрнэце трэба паводзіць сябе ўмела і асцярожна, бо там на кожным кроку даверлівых карыстальнікаў падпільноўвае небяспека.

    Героі пастаноўкі падчас відовішча стараліся задзейнічаць усіх прысутных, каб кожны адчуў сябе ўдзельнікам прадстаўлення. Рабяты з ахвотай адгукаліся на кожную прапанову выканаць неабходныя дзеянні, дапамагчы артыстам, хорам адказвалі на іх пытанні, стараліся падпяваць, калі Майдум чытаў рэп.

    Праект з’яўляецца ўнікальным, таму што ўпершыню ў Беларусі яго аўтары звярнулі ўвагу грамадства на праблему бяспекі дзяцей у Інтэрнэце і зрабілі гэта ў жывой, займальнай, інтэрактыўнай, цікавай для малых і дарослых форме. Стваральнікі прэзентуюць атрыманы прадукт як разумную і добрую пастаноўку для ўсёй сям’і.

    Падчас спектакля “Колобанга. Привет, Интернет.by” дзеці атрымалі самыя яркія станоўчыя эмоцыі, а дома яны падзяліліся з бацькамі сваімі ўражаннямі і расказалі, што новага і карыснага дазналіся пра інтэрнэт.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars