Дорыць дзецям цяпло свайго сэрца

    У працоўнай кніжцы Наталлі Генадзьеўны РУБАЦКАЙ значыцца толькі адно месца працы – Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат, куды ўладкавалася яшчэ ў 1996 годзе. Сёлета за добрасумленную творчую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ў развіццё сістэмы адукацыі раёна да Дня настаўніка педагогу аб’яўлена Падзяка старшыні Валожынскага райвыканкама.

    Нарадзілася і вырасла Наталля Генадзьеўна ў вёсцы Вайнілаўшчына Пяршайскага сельсавета. Вучылася ў Пяршайскай сярэдняй школе, пасля заканчэння якой паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Беларуская філалогія і культура”. Але лёс склаўся так, што давучыцца на дзённым аддзяленні не атрымалася, таму дзяўчына перавялася на завочную форму і пайшла працаваць выхавацелем у Чэхаўшчынскую дапаможную школу-інтэрнат, што знаходзілася непадалёк ад дома.

    Паступова праца з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця стала неад’емнай часткай жыцця нашай гераіні. Таму нікога не здзівіла, калі Наталля Генадзьеўна вырашыла набыць другую вышэйшую адукацыю. У выніку яна стала алігафрэнапедагогам-дэфектолагам. У гэты час у школе ёй прапанавалі месца настаўніка пачатковых класаў. Жанчына з радасцю згадзілася, хоць праца з асаблівымі дзецьмі вельмі карпатлівая, і не ўсякі з педагогаў тут затрымліваецца. Для яе ж школа даўно стала роднай. Педагог прыкіпела сэрцам да сваіх выхаванцаў і стараецца атуліць іх цяплом і ласкай. Н. Г. Рубацкая робіць усё, каб яе падапечныя жылі ў інтэрнаце насычаным, паўнацэнным жыццём.

    Сёлета настаўніца выкладае ў трэцім класе, дзе вучацца дзве дзяўчынкі з Валожына з маўленчымі парушэннямі. Кожная з іх патрабуе індывідуальнага падыходу. Да гэтага прыходзілася працаваць у інтэграваных класах, для чаго неабходны вялікі прафесіяналізм. Калі ў школу прыязджалі на адпачынак асаблівыя дзеці з іншых раёнаў, класы дакамплектоўваліся. Але Наталлю Генадзьеўну ніякія складанасці ніколі не палохалі. Яна любіць сваю работу, дзяцей, з якімі даводзіцца ўзаемадзейнічаць, адказна ставіцца да кожнай даручанай справы. Таму скарбонка яе прафесіянальных узнагарод пастаянна папаўняецца.

     У школе-інтэрнаце наша гераіня пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Валянцінавічам, які ў той час таксама пачынаў працоўную дзейнасць выхавацелем у вышэйназванай установе адукацыі, а пасля стаў выкладаць працоўнае навучанне. Маладыя людзі пажаніліся, пабудавалі кватэру ў новым мікрараёне Валожына. У сям’і нарадзіліся два сыны. Старэйшы Яўген ужо вучыцца на чацвёртым курсе Маладзечанскага палітэхнічнага каледжа, а меншы – пяцігадовы Павел – наведвае дзіцячы садок.

    Вольнага часу ў Наталлі Генадзьеўны няшмат, але яна стараецца выкраіць хоць трохі на занятак любімай справай. Жанчына з задавальненнем займаецца выпяканнем розных смачнасцей, асабліва тортаў, для сябе і блізкіх. Таксама знаходзіць магчымасць папрацаваць і на дачы, дзе высаджвае і даглядае прыгожы кветнік, вырошчвае гародніну.

    Н. Г. Рубацкая знайшла сябе ў прафесіі, задаволена, што лёс склаўся менавіта так. Жанчына ўдзячна людзям, якія аказалі вялікі ўплыў на яе станаўленне. Самыя лепшыя ўспаміны захаваліся пра настаўнікаў Пяршайскай сярэдняй школы Марыю Іосіфаўну Русовіч-Пратасевіч, Марыю Уладзіміраўну Бобрык, Валянціну Паісаўну Бэндзік і іншых. Наогул, многіх з тых людзей, што некалі далі пуцёўку ў жыццё, ужо няма, але добрая памяць пра іх застанецца ў сэрцы назаўсёды.

    Напярэдадні Дня настаўніка наша гераіня ўзгадвае і тых, з кім яна пачынала сваю працоўную дзейнасць. Іх парады, настаўленні Наталля Генадзьеўна і цяпер выкарыстоўвае ў рабоце з асаблівымі дзецьмі. А таксама яна добра ведае, што ў цяжкую хвіліну заўсёды можа разлічваць на гэтых людзей, якія даўно сталі сапраўднымі сябрамі.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars