Пачынальнік дынастыі

Калі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Уладзіміравіч ІОДА ў 1982 годзе прыйшоў працаваць у аддзяленне крымінальнага вышуку Валожынскага РАУС, яно налічвала толькі 4 штатныя адзінкі. Раён быў падзелены оперупаўнаважанымі на чатыры вялікія акругі. Аляксандру Іоду дасталіся зоны вакол Івянца, Дораў, Сугваздаў, Пяршаяў, Бабровічаў, Дубіны і Узбалаці.

    Кожны рабочы дзень пачынаўся з наведвання дзяжурнай часці і азнаямлення, што здарылася за ноч. Асноўным відам злачынства лічыліся крадзяжы. Найчасцей зладзеі пасягалі на прыватныя матацыклы і магазіны райспажыўтаварыства. Нягледзячы на адсутнасць у супрацоўнікаў крымінальнай міліцыі сотавых ці радыётэлефонаў і наяўнасць усяго аднаго на ўсіх матацыкла з каляскай, злачынствы раскрываліся паспяхова. Ніколі паказчык не падаў ніжэй за 90 працэнтаў! Вялікая заслуга ў гэтым тагачасных кіраўнікоў аддзялення – Рыгора Іосіфавіча Шумскага, Віктара Пятровіча Лаўрыновіча і Іосіфа Браніслававіча Трацэўскага, які загінуў выконваючы службовыя абавязкі. Дапамагала і выручка з боку іншых калег. Напрыклад, начальнік дэпартамента “Ахова” Іван Сямёнавіч Чэпік па першай просьбе прадастаўляў крыміналістам службовы “ГАЗ 69”. Сам і за руль садзіўся.

    Ніхто з оперупаўнаважаных не дзяліў абавязкі на свае і чужыя. Калі заўважалі, што на паплечніка па працы навалілася шмат спраў – па-братэрску размяркоўвалі заданні. Здаралася, што дома па 2-3 сутак не паяўляліся. Але не толькі нагрузка затрымлівала на рабоце. Аляксандр Уладзіміравіч успамінае: як толькі адчуваў, што ўхапіў тую “нітачку”, якая дазваляе разматаць увесь крымінальны клубок, то з’яўляўся прафесійны азарт. Забываўся пра сон і ежу. Аб мінулых поспехах сёння гавораць шматлікія ўзнагароды, а нагрудны знак, атрыманы яшчэ да распаду Савецкага Саюза, можна разглядаць як сапраўдны артэфакт той эпохі.

     Калі ўзгадваць мінуўшчыну, то нельга не сказаць пра верных спадарожніц міліцэйскай працы – друкарскія машынкі. Папяровай працы хапала і тады. Друкаваць аператыўнікам даводзілася да мазалёў на кончыках пальцаў. Але затое некаторыя міліцыянеры па майстэрстве машынапісу маглі даць фору вопытным сакратаркам.

    Кабінетная работа перамяжоўвалася з камандзіроўкамі па раёне. Графік выездаў не залежаў ні ад надвор’я, ні ад іншых абставін. Бывала, у  навагоднюю ноч ездзілі і правяралі, ці надзейна замкнёны магазіны, нярэдка на сон адводзілася 2-3 гадзіны ў суткі.

    Успамінаюцца і больш далёкія паездкі. Аляксандр Уладзіміравіч акрамя асноўнай работы па раскрыцці злачынстваў займаўся і пошукамі без вестак згінуўшых. Дзе толькі “прапажы” ні знаходзіліся: у Грузіі, Чачні. Пасылалі запросы і абыходзіліся без Інтэрполу. У дарогу звычайна адпраўляўся Яўген Сліж, які пазней прадоўжыў службу ў сталіцы.

     Самыя цяжкія і балючыя эпізоды працоўных будняў – забойствы. У Пяршаях ахвярай аднавяскоўца стала жанчына. Пазней было ўстаноўлена, што вінаваты мужчына паквапіўся на яе грошы, якія, дарэчы, так і не знайшоў. Страшнае злачынства адбылося ў Радніках, дзе пад заваламі голля знайшлі забітай васьмігадовую дзяўчынку. Смерць ёй прычыніла сяброўка-пяцікласніца. Па малалецтву дзяўчынку не судзілі, але яе сям’я вымушана пераехала жыць у іншае месца. 

    …Нягледзячы на складаныя моманты прафесіі, Аляксандр Уладзіміравіч здолеў закласці сямейную дынастыю: па слядах бацькі пайшоў сын Андрэй, які сёння ўзначальвае службу крымінальнага вышуку Мінскага РАУС. І ёсць усё падставы спадзявацца, што скарбонка ўзнагарод міліцэйскай сям’і Іода папоўніцца медалём “100 гадоў Крымінальнаму вышуку Беларусі”. Адзнакі з нагоды 70-, 80-, 90-гадовых юбілеяў атрымаў прадстаўнік старэйшага пакалення, а чарговыя поспехі – за моладдзю.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars