Няпросты лёс, пазітыўны характар

Падпалкоўнік запасу Юльян Міхайлавіч БАЛДОЎСКІ службе ў органах унутраных спраў аддаў 29 гадоў жыцця. У юнацтве меў намер набыць прафесію інжынера, але з паступленнем у ВНУ не склалася. Вывучыўся на кранаўшчыка па накіраванні ад ДТСААФ. Працаваў вадзіцелем у калгасе імя Чарняхоўскага, адтуль яго прызвалі на ваенную службу.

    Грамадзянскі абавязак давялося выконваць у Зорным гарадку. Гэты час пакінуў незабыўныя ўражанні. Адзін аўтограф, які асабіста для яго  падпісаў Пётр Клімук, чаго каштуе! За восем месяцаў у батальёне настолькі прывык да няпростай, але цікавай службы, што задумаўся пра тое, каб пасля застацца звыштэрміноўшчыкам. Аднак яго лёс вырашыўся інакш. Ужо ў студзені быў у Самаркандзе, дзе салдат рыхтавалі да адпраўкі ў Афганістан. Юльян Міхайлавіч узгадвае: яго запыталі наконт згоды. Не ведае, што было б, каб адмовіўся, але такое нават у галаву не прыйшло, выхаванне не дазволіла. Далей быў Кандагар. Падрабязнасцямі пра ўдзел у баявых дзеяннях у далёкай краіне дзяліцца не любіць. У гэту тэму дазваляе сабе паглыбіцца раз у год – у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

    Вярнуўся на радзіму ў 1981 годзе. Пад спякотным афганскім сонцам юнакі сталелі хутка, таму сур’ёзны малады чалавек амаль адразу атрымаў прапанову паступіць на службу ў міліцыю. Яго накіравалі ў Ленінградскую сярэдне-спецыяльную школу міліцыі, дзе рыхтавалі супрацоўнікаў для аддзелаў аператыўнай службы. Бліскуча здаў экзамены, у тым ліку фізічную культуру (яшчэ ў Зорным захапіўся штангай, лёгка падымаў 100 кг). Вучоба падабалася. Менавіта там, у горадзе на Няве зразумеў: міліцэйская служба і ёсць прызванне.     

   Вярнуўшыся ў Валожын, пэўны час працаваў у аддзеле барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай маёмасці. Праз тры гады, 26 красавіка 1986 года, адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС. 33 дні Ю. М. Балдоўскі  ахоўваў грамадскі парадак на пад’ездзе да Брагіна, разам з міліцыянерамі з усіх куткоў краіны патруляваў тэрыторыю. Ён старанна пазбягае канкрэтных адказаў на пытанні, што звязаны з гэтым перыядам жыцця. Што ж, кожны, як можа, ахоўвае свой душэўны спакой. Тым больш, хапае ў пазітыўнага чалавека і станоўчых успамінаў. З радасцю нагадвае час, калі прафесійная дзейнасць была звязана з крымінальным вышукам, а да гэтага і пасля – са следствам. З павагай называе прозвішчы таварышаў, з якімі разам “не адзін пуд солі з’еў”. Юрый Залескі, Артур Махмудаў, Віктар Рыснік, Вячаслаў Бардзіновіч – сумесна з імі даводзілася і дняваць, і начаваць на працы падчас складаных спраў. “Мы не лічыліся з часам і размеркаваннем абавязкаў, проста рабілі сваю штодзённую работу. Службай сваёй ганарыліся, усведамленне таго, што прыносім карысць грамадству, па-сапраўднаму сагравала душу”, – так разважае пра складанасці таго перыяду.

      Пасля выхаду на пенсію Юльян Міхайлавіч адзінаццаць гадоў працаваў юрыстам, іжынерам па ахове працы ў ПМС, потым пэўны час узначальваў раённую структуру таварыства выратавання на водах.

    Сёння ж прызнаецца: “Маё жыццё мне не належыць. Дзядулевым сэрцам уладараць дзве прыгажуні 8-і і 5-і гадоў. Унучачкі ў любую хвіліну маюць поўнае права прэтэндаваць на мой час. З імі гатоў не раставацца. У маладосці з-за работы чагосьці не дадаў дзецям. Цяпер кампенсую гэта ў адносінах з Ксюшай і Кірай. Дарэчы, Ксюша займаецца дзюдо і ў свае восем гадоў ужо марыць стаць міліцыянерам-кінолагам. Малодшай толькі пяць, але таксама баявая”. Што ж, дзедавы гены…

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars