Ікона з гары Афон у Вішневе

    Ікона “Пояс Багародзіцы” па благаславенні епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла нядаўна была прынесена ў храм Святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміана вёскі Вішнева.

    Святы вобраз быў напісаны на гары Афон манахамі манастыра Грыгарыат па заказе дабрадзеяў Вішнеўскай царквы. Затым яго перанеслі ў манастыр Ватапед, дзе захоўваецца частка Пояса Прасвятой Багародзіцы. Да яго ікона была прыкладзена і асвечана. Пояс – адзіная рэч з зямнога жыцця Дзевы Марыі, якая захавалася да сённяшняга дня. Лічыцца, што яго выткала сама Багародзіца з вярблюджай поўсці. Гэта рэліквія вельмі шануецца хрысціянамі, з ёй звязана вялікая колькасць адбыўшыхся цудаў. Лічыцца, што Пояс вылечвае ад многіх хвароб, але асабліва дапамагае пры бясплоддзі і складаных родах. Ікона “Пояс Багародзіцы” надзелена такой жа цудадзейнай сілай. Перад ёй жанчыны моляцца аб нараджэнні дзяцей, і Дзева Марыя нікога не пакідае па-за ўвагай. Таксама перад абразам просяць аб збаўленні ад душэўных пакут, засмучэння, у складаныя хвіліны ён здольны вяртаць веру і сілы.

    Настаяцель храма Святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміана айцец Аляксандр расказвае, што бясплоддзе – вельмі хвалюючая  праблема. І радасна, што сярод прыхаджан ёсць тыя, хто вымаліў у заступнікаў, у гонар якіх названа царква, сабе дзетак. У знак таго, што такія цуды ўжо адбыліся, было вырашана заказаць ікону “Пояс Багародзіцы”. Цяпер у вернікаў з’явілася яшчэ большая надзея на дапамогу.

    За Святыняй на гару Афон протаіерэй Аляксандр Чурыла накіраваўся разам з дабрадзеямі прыходу Святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміана. Каля храма з ушанаваннямі ікону сустрэлі шматлікія вернікі Валожыншчыны. У гонар прынясення адбылася ўрачыстая служба. Пакуль абраз знаходзіцца ў цэнтры храма, а пасля зойме спецыяльна адведзенае месца.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars