Паўстагоддзя не мяжа, калі працуеш на ніве мастацтва

4 кастрычніка споўнілася 50 гадоў працоўнай дзейнасці выкладчыка па класе баяна, нязменнага кіраўніка духавога аркестра Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзіміра Мікалаевіча ГРУКА. Лічба ўнушальная: паўстагоддзя на ніве мастацтва!

    Уладзімір Мікалаевіч – музыкант і педагог ад Бога. Ён не проста любіць абраную прафесію і штодзённую работу, а жыве ёй. Адукаваны спецыяліст, віртуозны выканаўца, граматны настаўнік. Бо навучыць іграць на інструменце – гэта адна справа, а вось убачыць талент, развіць яго і “заразіць” музыкай, каб яна ў далейшым стала справай усяго жыцця, – зусім іншая. Такое пад сілу нямногім выкладчыкам.

    Расказваць пра працоўныя здабыткі даўжынёй у пяць дзясяткаў гадоў У. М. Грук вырашыў нязвыкла і нестандартна, але зразумела і пераканаўча – са спіса сваіх навучэнцаў, якія пасля заканчэння музычнай школы вырашылі працягваць навучанне ў сярэдніх і вышэйшых музычных навучальных установах. Пра творчы і працоўны шлях кожнага з больш чым дваццаці колішніх выпускнікоў, якія пайшлі па яго сцяжынцы, настаўнік ведае ўсё. Думаю, што чытачам таксама будзе цікава даведацца пра землякоў, якія дасягнулі вышынь у Яе Вялікасці Музыцы.

    Мікалай Чэрня, сваяк нашага знакамітага мясцовага паэта Фёдара Чэрні, скончыў педагагічны інстытут філіяла Ленінградскага інстытута культуры па спецыяльнасці «Харавое дырыжыраванне», а пасля аспірантуру Акадэміі навук БССР інстытута этнаграфіі і фальклору, дзе і працаваў да пенсіі. Па такой дарозе пайшоў і Васілій Астроўскі: там жа вучыўся і працаваў, толькі ў дадатак скончыў Вышэйшую партыйную школу ў Маскве, быў членам ЦК УЛКСМ Беларусі. Цяпер – старшыня Саюза прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў Мінскай вобласці, кандыдат у Прэзідэнты Беларусі на папярэдніх выбарах.

    Сын і дачка майстра таксама прафесійна займаюцца музыкай. Алена, атрымаўшы спецыяльнасць па класе баяна, працуе ў Акадэміі музыкі ў Мінску, а Уладзімір, адвучыўшыся на барытоне, 15 гадоў іграў у аркестры ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Столькі гадоў выслугі ў гэтым жа ведамстве мае і трубач з Валожына Уладзімір Яфанаў.

    Некаторых са сваіх навучэнцаў Уладзімір Мікалаевіч накіроўваў у Лідскае музычнае вучылішча – любімы горад, дзе жылі яго бацькі. Апекаваўся падчас паступлення, падтрымліваў у прафесійным станаўленні. Так, Яўген Вайткевіч (барытон, трамбон) і Наталля Рабініна (акардэон) скончылі Мінскую кансерваторыю.  Юлія Афанасьева (флейта) выкладае ў Аляхновіцкай дзіцячай школе мастацтваў Маладзечанскага раёна. Гэтай жа сцежкай пайшоў і Аляксандр Кароль (баян), а Эдуард Юлбарысаў выступае з канцэртамі ў Польшчы.

    Пасля Маладзечанскага музычнага вучылішча адукацыю ў інстытуце культуры працягвалі Ігар Станкевіч (трамбон), Мікалай Ягоршын (трамбон), Сяргей Сікорскі (валторна), Анатолій Таўгень (баян), які, дарэчы, шмат гадоў быў дырэктарам Валожынскай дзіцячай музычнай школы. Ігар Салавей (баян) у далейшым скончыў Акадэмію музыкі ў Мінску, а Барыс Шмакаў (харавое дырыжыраванне) цяпер кіруе самадзейнасцю на заводзе лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне. У Гродне вучыліся Зыгмунд Бульцэвіч (баян), Ірына Харытонава (акардэон).

    Летась навучэнцам каледжа мастацтваў г. Маладзечна стаў Антон Дорскі (трамбон), ёсць кандыдаты на паступленне ўжо і ў 2019 годзе. У прыватнасці, вялікую творчую дарогу прарочыць выкладчык Мар’яну Прыёмку (труба) – ужо цяпер называе яго будучай зоркай, а Святлана Гомель (ударныя інструменты), па яго меркаванні, мае ўсе задаткі, каб стаць кампазітарам.

    З пачуццём гонару распавёў У. М. Грук пра Аляксея Шаблыку, які займаўся па класе трамбона. Ён працягваў адукацыю не толькі ў айчынных вышэйшых музычных установах: летась скончыў Парыжскую кансерваторыю, з’яўляецца тройчы магістрам Вышэйшай еўрапейскай школы музыкі ў горадзе Лазана (Швейцарыя). Сёлета ён прыязджаў з канцэртам і майстар-класам у сталічныя акадэмію музыкі і кансерваторыю разам са сваім выкладчыкам Жакам Мажэ – знакамітым ва ўсім свеце трамбаністам, прафесарам Парыжскай кансерваторыі, які узвёў яго на самую высокую ступень майстэрства. Адораны вучань прывёз француза на сваю маленькую радзіму і пазнаёміў з першым настаўнікам музыкі, чым крануў да глыбіні душы. Цяпер Аляксей жыве і працуе ў Швейцарыі: кіруе двума аркестрамі, дырыжыруе, выкладае. Ён добра валодае замежнымі мовамі – нямецкай, італьянскай, французскай і англійскай. Менавіта А. Шаблыку Уладзімір Мікалаевіч лічыць найвышэйшым дасягненнем як педагога.

    Яшчэ адно дзецішча У. М. Грука – створаны 29 гадоў таму духавы аркестр, у склад якога ўваходзяць навучэнцы і выкладчыкі. Уладзімір Мікалаевіч асабіста піша апрацоўкі для баяна, трубы і аркестра. У 2000 годзе аркестру было прысвоена найменне “ўзорны”, ён пастаянна з’яўляецца ўдзельнікам і дыпламантам раённых і абласных мерапрыемстваў, у тым ліку фестываляў “Майскі вальс”.

    Глыбокі след у душы не толькі самога творцы, але і валожынцаў старэйшага пакалення пакінуў створаны ім адразу пасля прыезду ў Валожын у 1968 годзе вакальна-інструментальны ансамбль. На працягу дзесяці гадоў, кожную суботу і нядзелю без выключэнняў жывая музыка гучала пад адкрытым небам на танцпляцоўцы каля гарадскога возера, у РДК. Адначасова Уладзімір Мікалаевіч працаваў баяністам у Доме культуры, кіраваў самадзейнасцю ў Доме быту, духавым аркестрам у ПМК-188. Стварыў тры канцэртныя праграмы для ансамбля выкладчыкаў, апрацаваў каля 46 беларускіх народных мелодый для фальклорнага дзіцячага калектыву пад кіраўніцтвам Таццяны Пашкоўскай, у далейшым ён заняў прызавыя месцы на абласных конкурсах фальклорных калектываў у Стоўбцах і Старым Свержані. А выступленне хору і фальклорнага ансамбля сляпых, якім кіраваў, прынесла 1-е і 2-е месцы на рэспубліканскім конкурсе ў г. Магілёве ў 1986 годзе. Грамату Рыгора Сарокі, дырэктара Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага, атрымаў дзіцячы аркестр народных інструментаў сумесна з дзіцячым хорам пад кіраўніцтвам Ларысы Млот.

    …Для творчага чалавека не існуе паняцця сталасці. І Уладзімір Мікалаевіч пацвердзіў гэта падчас нашай размовы: “Агульны стаж работы майго бацькі складаў 64 гады”. Чым не прыклад для пераймання!? Таму ў выкладчыка Грука яшчэ шмат часу наперадзе, каб дагнаць і перагнаць бацькаву мяжу. А крэатыўных ідэй, запалу і энергіі яму не пазычаць. Няхай жа натхненне і творчае гарэнне і надалей спрыяюць майстру-самародку.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Віталя МЫШЛЁНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars