Легкаатлет з Івянца

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ЛЕГКААТЛЕТ З ІВЯНЦА

    Данііл ВЫДРОНАК – вучань 8 “Б” класа Івянецкай сярэдняй школы. Хлопец ужо шмат гадоў актыўна займаецца бегам на высокім узроўні, удзельнічае ў спаборніцтвах, амаль заўсёды займае прызавыя месцы і прыязджае дадому з медалямі. За дасягненні ў гэтай сферы ў конкурсе “Вучань года” быў узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Спартсмен года”.

    У юнака шырокае кола інтарэсаў, але самае галоўнае захапленне – лёгкая атлетыка. Любіць урокі фізічнай культуры і ніколі іх не прапускае, наведвае спартыўную секцыю два разы на тыдзень, працуе самастойна, стараецца бегаць кожную раніцу, робіць развіваючыя практыкаванні, гуляе з таварышамі ў футбол і валейбол.

     У школе больш за ўсё падабаюцца прадметы гуманітарнага напрамку. Любіць і трудавое выхаванне, дзе вучыцца канструяваць розныя вырабы і сувеніры. У вольны час ходзіць на рыбалку, дапамагае па гаспадарцы. Класны кіраўнік Данііла – Аксана Аляксандраўна Русовіч – характарызуе яго як вясёлага, добразычлівага, выхаванага і прыязнага хлопца, які мае шмат сяброў, знаёмых. Летнія канікулы правёў на прыродзе: гуляў, купаўся, адпачываў. Новы навучальны год пачаўся з перамог: ён ужо паспеў атрымаць падзяку за ўдзел у творчым конкурсе “Дары восені”. Цяпер рыхтуецца да сезона спаборніцтваў.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars