Святкавала вялікая настаўніцкая сям’я

Лепшыя з лепшых педагогаў вялікай настаўніцкай сям’і раёна пагодным кастрычніцкім днём сабраліся ў кінатэатры “Юнацтва” Валожына і прымалі словы віншаванняў з нагоды свайго прафесійнага свята.

    Са словамі павагі і прызнання вялікай місіі работнікаў сістэмы адукацыі, якія праз усё жыццё нясуць любоў да выбранай справы і да дзяцей, звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун. Ён зазначыў, што прафесія настаўніка важная і неабходная ва ўсім свеце, гэта прызванне, якое напоўнена глыбокім духоўным зместам, патрабуе поўнай аддачы сіл і адказнасці. Гэтыя людзі адкрываюць дарогу ў жыццё сваім выхаванцам, спрыяюць іх дасягненням і развіццю. Яны вучаць думаць, мець асабісты пункт гледжання, адстойваць яго, верыць у сябе. На Валожыншчыне жывуць і працуюць выдатныя педагогі, якія любяць прафесію, верныя свайму абавязку, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі малой радзімы.

    Ад сябе асабіста і ад імя раённага выканаўчага камітэта Ігар Уладзіміравіч выказаў ім падзяку за натхнёную працу, мудрасць і цярпенне. Асаблівую ўдзячнасць накіраваў ветэранам педагагічнай працы, якія не толькі ўнеслі неацэнны ўклад у справу выхавання і адукацыі некалькіх пакаленняў, але і перадалі свой бясцэнны вопыт і веды цяперашнім работнікам сістэмы адукацыі – годным прадаўжальнікам традыцый гэтай высакароднай прафесіі. Ён пажадаў, каб цяпло душы, якое педагогі шчодра дораць дзецям, вярталася да іх удзячнасцю і поспехамі выхаванцаў.

    І. У. Шакун уручыў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дырэктару Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу С. Л. Ламака і Ганаровую грамату Мінаблвыканкама намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Валожына Т. У. Чэрнік. Падзякі старшыні райвыканкама за добрасумленную працу, поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення былі аб’яўлены выхавацелю дашкольнай адукацыі Сівіцкага ВПК А. Б. Голуб і настаўніку пачатковых класаў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Н. Г. Рубацкай. Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама ўзнагароджаны дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. І. Мучынская, настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 1 г. Валожына І. І. Філістовіч, настаўнік працоўнага навучання СШ № 1 райцэнтра І. Л. Кербедзь, настаўнік біялогіі і хіміі Івянецкай СШ В. А. Суша, выкладчык хіміі і біялогіі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Т. М. Шумская, повар ясляў-сада № 2 “Вясёлка” Н. В. Таўгень. Падзяку начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама атрымала метадыст Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя А. У. Рамановіч.

    Да сваіх калег з віншавальнымі словамі звярнулася начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Т. М. Крыкала. Яна падзякавала за адказнасць, добрасумленнасць, прафесіяналізм, бясцэнны патэнцыял сэрцаў. Выказала ўпэўненасць, што з такімі кадрамі любая задача будзе выканана з гонарам і годнасцю. Са шчырымі словамі ўдзячнасці за невычэрпную энергію, творчы пошук і любоў, што аддалі дзецям, Таццяна Мікалаеўна звярнулася да ветэранаў педагагічнай працы. Яна адзначыла, што менавіта яны з’яўляюцца тым фундаментам, на якім цвёрда стаяць усе наступныя пакаленні маладых педагогаў, крыніцай, з якой тыя чэрпаюць мудрыя парады, узорам вернасці свайму прызванню. Яна ўручыла ўзнагароджаным Ганаровыя граматы і Падзякі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

    З нагоды Дня настаўніка прысутных вітала старшыня раённага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінская. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што галоўным здабыткам і вынікам пачэснай высакароднай працы педагога з’яўляецца асоба чалавека, а гэта значыць, што ад настаўнікаў залежыць будучыня нашай дзяржавы, грамадства. Словы ўдзячнасці, павагі за прафесіяналізм, за творчасць, за багацце і хараство душы, за цеплыню сэрцаў яна адрасавала ветэранам педагагічнай працы, якія лепшыя гады жыцця аддалі любімай справе. У гонар сваіх калег Марыя Мікалаеўна прачытала верш, прысвечаны настаўніку. Яна ўручыла Ганаровыя граматы Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі за плённае развіццё сацыяльнага партнёрства, змястоўную работу з ветэранамі педагагічнай працы дырэктару сярэдняй школы № 1 райцэнтра І. В. Чаховіч і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гэтай навучальнай установы С. Г. Косік. Дырэктар ДЮСШ Д. В. Ажарэльеў і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ясляў-сада “Лесавічок” г. п. Івянец Г. С. Сцяпко былі адзначаны Ганаровымі граматамі раённага ўзроўню.

    Педагогаў павіншавала і старшыня РГА “Белая русь” А. І. Клачко. Яна яшчэ раз узгадала, што ў кожнага чалавека ёсць настаўнік, чыё майстэрства, адданасць любімай справе, добрая парада дапамаглі вызначыцца ў выбары жыццёвага шляху, сфарміраваць светапогляд, прынцыпы, маральныя цэннасці. Нельга пераацаніць, колькі неабходна педагагічнага таленту, каб унушыць дзіцяці давер, павесці яго за сабой, захапіць, абудзіць у яго цікавасць, раскрыць здольнасці, усяліць веру ў поспех. Алена Іванаўна пажадала, каб і ў далейшым глыбокія веды па прадмеце, шырокая эрудыцыя, высокія маральныя якасці, добрасумленныя адносіны да працы дапамагалі спраўляцца з найважнейшай місіяй навучання і выхавання маладых грамадзян Беларусі, прывіваць ім любоў да Радзімы, імкненне да пазнання і творчасці. Памятнымі падарункамі і граматамі за высокую грамадзянскую пазіцыю і асабісты ўклад у развіццё пярвічнай арганізацыі, стварэнне пазітыўнага іміджу раённай арганізацыі старшыня адзначыла работу найбольш актыўных яе членаў.

    Святочную праграму з мультымедыйным суправаджэннем сёлета падрыхтаваў педагагічны калектыў і вучні СШ № 2 Валожына. Яны пастараліся на славу, таму добры настрой не пакідаў прысутных на працягу ўсяго мерапрыемства.

    На заканчэнні ўрачыстасці з віншаваннямі да работнікаў сістэмы адукацыі раёна звярнуўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч. З нагоды Дня настаўніка ад імя ўсіх супрацоўнікаў ён уручыў прыгожы букет начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Т. М. Крыкала, а ўсім прысутным разам з іншымі прадстаўнікамі культурнай нівы адрасавалі выдатны музычны падарунак.

    З добрым настроем, пазітыўнымі эмоцыямі пакідалі настаўнікі ўтульную залу кінатэатра. Вочы іх свяціліся радасцю, на вуснах грала ўсмешка, а сэрца спявала…

Анжэла РАДЫНА

Фота аўтара і Сяргея САДОЎСКАГА

 

Ганаровую грамату Мінаблвыканкама намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч ШАКУН уручыў намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Валожына Таццяне Уладзіміраўне Чэрнік.

 

Алена Георгіеўна БАГУСЛАЎСКАЯ і Галіна Генадзьеўна ГАСПАРЭВІЧ з Сакаўшчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы таксама былі ў ліку ўзнагароджаных.

Настаўнікі Сівіцкага дзіцячага сада-базавай школы зрабілі агульны здымак у фотазоне, якую самі падрыхтавалі да свята. 

Педагогі гімназіі № 1 райцэнтра прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars