Футбольныя турніры

    22-23 верасня ў Смаргоні адбыўся адкрыты Рэспубліканскі турнір па футболе сярод хлопчыкаў 2009 года нараджэння, у якім прынялі ўдзел 5 каманд. Гульні праходзілі ў добрых умовах на стадыёне са штучным пакрыццём. На турнір прыехалі юныя футбалісты з Валожына, Маладзечна, Шчучына, адразу дзве каманды выставілі гаспадары пляцоўкі.

    На агульную перамогу нашых аматараў скуранога мяча настроіла ўжо першая гульня з камандай «Смаргонь-1»: яны літаральна разграмілі гаспадароў усухую з лікам 8:0. Здавалася, нашы землякі паставілі сабе за мэту забіваць не менш за восем галоў. Пра гэта сведчылі вынікі гульні з камандамі «Смаргонь-2» і Маладзечна – адпаведна 8:3 і 8:1. Толькі ў сваіх равеснікаў з горада Шчучына валожынцы выйгралі з лікам 3:1.

    Сезон у новым навучальным годзе выхаванцы трэнераў Андрэя Пракаповіча і Аляксандра Кавязы пачалі з відавочнай перамогі. Капітан каманды – Ягор Бараноўскі. Лепшым іграком турніру прызнаны Раман Шчарбачэвіч, на рахунку якога 9 забітых мячэй.

 

    Адкрыты турнір па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд у суботу, 22 верасня, з-за надвор’я быў перанесены з адкрытай пляцоўкі ў залу для гульнявых відаў спорту ДЮСШ. Заяўкі на ўдзел у гэтым турніры падалі пяць каманд: гарадскога пасёлка Івянец, Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа, а таксама каманды Валожына, сфарміраваныя са студэнтаў розных навучальных устаноў, і дарослых аматараў футболу.

    Перамогу святкавала каманда дарослых ігракоў з райцэнтра, якую ўзначальваў капітан Павел Тарасевіч. У той дзень у яго было асабістае свята – дзень нараджэння – і, можна сказаць, што аматар спорту зрабіў сабе такі незвычайны падарунак. Другое і трэцяе месцы занялі каманды студэнтаў райцэнтра і Наваполля. Пераможцам і прызёрам былі ўручаны граматы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і грашовыя прызы. Граматамі былі адзначаны таксама лепшыя ігракі турніру: Павел Тарасевіч, Андрэй Пракаповіч і Ілья Поташ.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars