Маленькая выдатніца з Пяршаяў

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

МАЛЕНЬКАЯ ВЫДАТНІЦА З ПЯРШАЯЎ

     У Пяршайскім вучэбна-педагагічным комплексе шмат актыўных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Конкурс “Вучань года-2018” выявіў з гэтых рабят самых лепшых. Высокія здольнасці, пазнавальная актыўнасць, ініцыятыва вучаніцы 5-га класа гэтай навучальнай установы Настассі ІВАНОЎСКАЙ сталі асноўнымі складальнікамі для перамогі ў намінацыі “Інтэлектуал года”.

    Добрасумленныя адносіны да вучэбнай дзейнасці, шырокі кругагляд, цудоўная памяць, лагічнае мысленне дазваляюць дзяўчынцы атрымліваць толькі выдатныя адзнакі. Вынікам карпатлівай працы сталі падзякі “За выдатныя поспехі ў вучобе” пасля заканчэння 3-га і 4-га класаў.

    Настасся любіць удзельнічаць у розных інтэлектуальных конкурсах. Бацькі падтрымліваюць дачку ў яе імкненні да ведаў, і тая ўпэўнена, што заўсёды можа разлічваць на іх дапамогу. Дасягненні дзіцяці цешаць тату і маму. У 2017/2018 навучальным годзе ў конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў “Я – даследчык” наша гераіня атрымала Дыплом II ступені за работу “Баляванне на ўвесь свет”. У інтэрнэт-алімпіядзе па рускай мове яна заваявала Дыплом I ступені. Таксама стала пераможцай прадметных конкурсаў “Інфамышка” і “Жураўлік”.

    У пазаўрочны час дзяўчынка любіць маляваць, захапляецца разнастайнымі вырабамі з паперы. Навучылася гэтай справе самастойна з дапамогай інтэрнэту. Там жа Настасся чэрпае ідэі для новых творчых задум. Дома пры садзейнічанні бацькоў арганізавана цэлая выстава яе работ.

    Свае лідарскія здольнасці наша гераіня мае магчымасць праявіць у грамадскім жыцці класа і школы. Аднакласнікі паважаюць сяброўку, для іх Настасся з’яўляецца прыкладам у розных сферах дзейнасці. Яна не кіне ў бядзе, заўсёды прыйдзе на дапамогу, зробіць усё магчымае, каб вырашыць праблемы, якія ўзніклі.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars