Новыя поспехі на ніве творчасці

Выдатнымі падзеямі насычана жыццё цудоўнай паэткі, кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч. У газеце мы не аднойчы ўзгадвалі пра яе творчыя дасягненні і высокія ўзнагароды, якімі яны былі адзначаны.

    І вось новая перамога… Нядаўна Валянціна Францаўна прыняла ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе “Сузор’е духоўнасці”. Дасланыя вершы кампетэнтнае журы высока ацаніла і запрасіла валожынскую паэтку завітаць на фінал, які праходзіў у Кіеве. На жаль, абставіны склаліся так, што ва Украіну наша зямлячка паехаць не змагла, але Дыплом фіналіста ў намінацыі “Духоўнасць” хутка будзе ёй дасланы.

    Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы заахвоціла і іншых рунеўцаў адправіць свае вершы на гэты прэстыжны конкурс. Творы Марыі Шакун, Галіны Радына-Марцінкевіч, Людмілы Садоўскай не засталіся незаўважанымі. Усе гэтыя прозвішчы папалі ў лонг-ліст, а значыць, іх паэтычныя радкі былі прызнаны дастойнымі для ўдзелу.

    Сёння ў асабістай скарбонцы Валянціны Францаўны чатыры кнігі вершаў “Я адкрываю вам душу”, “Пад зоркаю лёсу”, “Мовай сэрца”, “На нітцы часу”, дзве – твораў для дзяцей “Каляровыя вятры”, “А ці ведаеце вы?” і адна – песенных тэкстаў. Складзеныя ёй радкі таксама ўвайшлі ў шматлікія калектыўныя зборнікі. Паэтка ўжо падрыхтавала да друку чарговую кніжку вершаў і загадак для дзяцей.

    Як кіраўнік аб’яднання і нераўнадушны чалавек яна вельмі хвалюецца за сваіх рунеўцаў. Стараецца падтрымаць, даць слушную параду, дапамагчы падрыхтаваць рукапісы да выдання новых кніг, заахвоціць да ўдзелу ў конкурсах, правесці творчыя вечарыны і інш. На бліжэйшы час запланавана сустрэча-прэзентацыя нядаўна выдадзенай кнігі Людмілы Краснадубскай, трохі пазней – Аляксандра Грынкіна. Валянціне Францаўне вельмі хочацца, каб адбылася вечарына Сяргея Маляўскага. У “Руні” рыхтуюцца да выдання два калектыўныя зборнікі – лірычны і сатыры і гумару, гатова да друку трэцяя кніга Марыі Шакун, ужо знаходзіцца ў выдавецтве рукапіс Галіны Радына-Марцінкевіч. Не забываюцца ў творчым калектыве і пра былых членаў аб’яднання. Сёлета прайшла сустрэча-ўспамін па творчасці Антона Гедроіця, Івана Асіпацкага, Мікалая Палякова. Між іншым, Валянціна Францаўна гаворыць, што вершы ранейшых рунеўцаў таксама ўвойдуць у калектыўны зборнік.

    Літаратурна-мастацкае аб’яднанне ў свой час стала ініцыятарам правядзення конкурсу “Маладыя галасы”, і цяпер кожны год юныя таленты Валожыншчыны выносяць на суд журы сваю паэзію. Многія з іх пазней становяцца членамі “Руні” і не здраджваюць ёй, нават калі выязджаюць на жыхарства за межы раёна. На будучае В. Ф. Гіруць-Русакевіч плануе выдаць зборнік вершаў пераможцаў гэтага конкурсу.

    Удзельнікі “Руні” з канцэртнымі праграмамі выступаюць не толькі на Валожыншчыне. Не так даўно Валянціна Гіруць-Русакевіч наведалася ў родную вёску Міхайлоўшчына, што ў Ашмянскім раёне, куды яе запрасілі на сустрэчу, якая праходзіла ў рамках Года малой радзімы. Мерапрыемства прайшло вельмі ўдала, ёй дапамагалі салісты Валожынскага раённага Цэнтра культуры, у выкананні якіх прагучалі песні на словы Валянціны Францаўны. Наогул, яна гаворыць, што вельмі ўдзячна аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, кіраўніцтву і ўсяму калектыву Цэнтра культуры за падтрымку і разуменне.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars