У прафесію па слядах бабулі

Аптэка № 318 РУП “Мінская фармацыя” размяшчаецца ў адным з самых наведваемых жыхарамі Валожына і раёна месцы – будынку магазіна “Еўраопт”. Ужо другі год працуе тут малады спецыяліст Дар’я Дзмітрыеўна БАЛАШЭНКА.

    Ураджэнка Барысава пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа апынулася ў нашых мясцінах па размеркаванні. Сярод некалькіх магчымых варыянтаў працы ў Крупках, Мядзелі, Вілейцы выбар паў на Валожын. Дзяўчына гаворыць, што тут ціха, спакойна і ўтульна, невялікі чысты горад з прыгожай прыродай выклікае толькі станоўчыя эмоцыі.

    Спецыяльнасць фармацэўта Дар’я выбрала невыпадкова: усё жыццё адпрацавала загадчыцай вясковай аптэкі бабуля. Унучка вырашыла пайсці па яе слядах. І ніколькі не шкадуе аб гэтым. Яна адчувае задавальненне ад сваёй працы, ад таго, што карысная людзям. Дзяўчына разглядае магчымасць у далейшым атрымаць і вышэйшую адукацыю.

    Падчас вучобы ў каледжы яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які трохі раней таксама закончыў гэту навучальную установу. Маладыя людзі ў 2017 годзе стварылі сям’ю і разам прыбылі ў Валожын, дзе асталяваліся на здымнай кватэры.

    У аптэцы, што знаходзіцца ў самай буйной гандлёвай кропцы горада, заўсёды людна. Амаль кожны, хто завітаў у “Еўраопт” стараецца купіць тут лекі. Калі пачынаецца сезон прастудных захворванняў, па медыкаменты сюды спяшаюцца больш за двесце чалавек на дзень. У гэты перыяд рэалізуецца найбольшая колькасць супрацьпрастудных, антыбактэрыяльных, супрацьвірусных прэпаратаў. Дар’я Андрэеўна звяртае ўвагу, што добрым попытам у жыхароў раёна карыстаюцца лекі беларускіх вытворцаў. На іх меншыя цэны, а якасць не саступае імпартным аналагам. Пакупнікам прапаноўваецца і вялікая колькасць медыкаментаў замежнай вытворчасці.

    Малады спецыяліст стараецца быць уважлівай да кліентаў, яна заўсёды дапаможа вызначыцца з выбарам, шчыра параіць, на што варта звярнуць увагу, акрамя таго, што выпісана ў рэцэпце. Дар’я бачыць, што людзі сапраўды давяраюць ёй, таму стараецца апраўдаць іх чаканні. Вельмі прыемна бывае пасля чуць ад сваіх наведвальнікаў словы падзякі.

    У памяці фармацэўт захоўвае не толькі назвы ўсіх лекаў, ад якіх яны хвароб і ў якіх дозах прымяняюцца, але і дзе, на якой паліцы, тыя захоўваюцца і колькі каштуюць. Гэта дапамагае якасна абслугоўваць кліентаў. Міласэрнасць, тактоўнасць – асноўныя рысы характару дзяўчыны, што спрыяюць яе рэалізацыі ў прафесіі. Дар’я вельмі ўдзячна сваім старэйшым калегам, яны сталі для яе добрымі дарадцамі і мудрымі настаўнікамі.

    Усю сябе наша гераіня аддае працы, таму вольнага часу ў яе нямнога. Калі ж з’яўляецца нейкая хвілінка, то адводзіць яе на любімыя заняткі бісерапляценнем ці вязаннем. Захапляецца таксама замежнымі мовамі і гісторыяй. Разам з мужам любяць паглядзець па тэлебачанні фільмы пра падарожжы. Маладая сям’я пабывала ўжо ў Харватыі, Італіі, Чарнагорыі, кожны год яны выбіраюць для адпачынку нейкае новае месца на поўдні Еўропы.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars