Услаўлялі мацярынскі подзвіг

    Урачыстае мерапрыемства пад назвай «Мама – няма прыгажэйшага слова» прайшло напрыканцы мінулага тыдня ў раённым Цэнтры культуры. На яго запрасілі паважаных жанчын Валожыншчыны, мацярынскі подзвіг якіх адзначаны на дзяржаўным узроўні. Зрэшты, шчасце дарыць Сусвету новае жыццё, нястомны клопат пра сваіх дзетак і бязмерную самааддачу ў іх выхаванні паспыталі большасць прысутных у святочнай зале.

Таму справядліва будзе гаварыць, што ўсе словы падзякі і прызнання, усе песні і музычныя кампазіцыі, якія прагучалі ў той дзень з вялікай сцэны, былі адрасаваны ўсім без выключэння глядачкам-матулям…

    Свята сапраўды выдалася шыкоўным. Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. У сваім вітальным слове ён падкрэсліў выключную ролю жанчыны-матулі ў жыцці соцыума, падзякаваў за цеплыню і веліч бязмежных сэрцаў. Таксама намеснік кіраўніка раёна выканаў цырымонію ўзнагароджання матуль-гераінь, якія гадуюць па 6 і больш дзяцей.

    Віншавалі мамаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская, айцец Дзмітрый Агіевіч і айцец Сергій Арлоў, дырэктар гімназіі № 1 райцэнтра, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алена Іванаўна Клачко. Жанчын-матуль, якія служаць у воінскай часці 30695, павіншаваў намеснік камандзіра Дзмітрый Мікалаевіч Ракавец. Усе яны ў выступленнях сыходзіліся на адным: калі б не Матулі, не было б і самога жыцця…

    Мама – пачатак жыцця і яго аснова. Мама – адкрытая кніга дабрыні і велічнасці. Пра гэта распавядалі ў выступленнях маленькія і дарослыя артысты. Паказ мод у выкананні прыгажунь-удзельніц узорнага клуба «Грацыя» РЦК, вакальныя і танцавальныя нумары дзіцячых калектываў, душэўныя спевы салістаў і віртуозныя музычныя падарункі майстроў-інструментальшчыкаў былі наскрозь прасякнуты эмоцыямі і мелі феерычны эфект. Магчыма, і таму, што кожны без выключэння дарыў букет самых светлых пачуццяў менавіта сваёй Маме…

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

7 дзетак гадуюцца ў сям’і Інгі Уладзіміраўны МАКЕЙ. Поспехам 7 дзетак радуецца і Ганна Віктараўна ЛЯНКЕВІЧ. Яна не толькі ўладальніца Ордэна Маці, але і іншай ганаровай узнагароды – Ордэна Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Наталля Мікалаеўна СЕЛЬВЯСЮК выхоўвае 6 дзяцей. Яна, дарэчы, удзельніца праграмы «Кухня» на тэлеканале «БТ-2». Прыёмнай мамай для 7 дзяцей стала і Святлана Рамісаўна АСЯНАВА (крайняя справа ў другім радзе). Гэта не магія лічбаў. Гэта – штодзённае самаахвяраванне, нястомны клопат і бязмежная любоў…

      

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч ШАКУН павіншаваў шматдзетных матуль раёна і ўручыў ім падарункі. Сярод узнагароджаных – Інга Уладзіміраўна МАКЕЙ, у сям’і якой выхоўваюцца шасцёра ўласных і адно ўсыноўленае дзіця. 

     

Алена Феліксаўна ДВАРЭЦКАЯ ніколі не чакала ад кагосьці дапамогі ці выгод. У сэрцы гэтай мілай жанчыны проста хапіла месца для 7 прыёмных сыноў і дачок. 


 Самая маладая шматдзетная мама – жыхарка райцэнтра Ірына Максімаўна ЯСКУ. Усю душу яна аддае сваім пяцярым крывінкам. Падарунак матулі ўручыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна ЗАГОРСКАЯ. 

     

У рамках акцыі раённага аб’яднання прафсаюзаў працаваў на свяце творчы куток «Павіншуй маму». 

   

Не скупіліся на эмацыянальныя выступленні ўдзельнікі канцэртнай праграмы.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars