І ў вучобе і ў спорце

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

          Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

     За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

І Ў ВУЧОБЕ І Ў СПОРЦЕ

     Дзесяцікласніца Ракаўскай сярэдняй школы Вераніка ДЗЯНІСІК нарадзілася пад той зоркай, якая надзяляе сваіх абраннікаў здольнасцямі да вучобы. Ужо ў пачатковых класах стала ясна, што дзяўчынка – яўны кандыдат у медалісты.

     Сама Вераніка прызнаецца: пра школу яна пачала марыць задоўга да таго, як залічылі першакласніцай. З зайздрасцю глядзела на старэйшага брата Рамана, калі той рабіў урокі, складаў кнігі і сшыткі ў ранец. Пераступіўшы школьны парог у якасці вучаніцы, Вераніка не толькі бязмежна радавалася, але і хвалявалася: некаторыя яе аднагодкі ўжо бегла чыталі, лічылі да ста. А яна толькі літары ведала… Вялікая заслуга першай настаўніцы Галіны Баляславаўны Яновіч у тым, што яна дапамагла Вераніцы паверыць у сябе, а таксама адчуць: вучоба – справа нялёгкая, яна пакараецца толькі старанным і працавітым.

    І Вераніка аказалася вельмі паслухмяным і арганізаваным у гэтым плане чалавекам. На ўрокі прыходзіла заўсёды добра падрыхтаванай. Адказы па вусных прадметах – канкрэтныя, аргументаваныя, пісьмовыя работы – прыклад акуратнасці і самастойнага падыходу.

    Вялікую ролю ў загартоўцы характару дзяўчынкі адыграла і захапленне спортам. Вераніка ў складзе школьнай каманды не раз станавілася прызёрам раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтваў. Гэта юная асоба калі займаецца чым-небудзь, то абавязкова дабіваецца поспеху. Як гаворыць яе класны кіраўнік Алена Васільеўна Прынус, у Веранікі ёсць выключна станоўчая рыса – грунтоўны падыход да любой справы. На пустое яна час траціць не будзе. Нават на перапынках не ўбачыш Вераніку без кнігі – рыхтуецца да ўрока.

     Цяпер, калі пара задумацца пра выбар жыццёвай дарогі, дзяўчына яшчэ настойлівей паглыбляецца ў вывучэнне школьных прадметаў. Асабліва цікавіцца хіміяй і біялогіяй. Летась паспяхова выступіла на раённай і абласной алімпіядах. За што і стала “Вучнем года” ў намінацыі “Лепшая ў вучэбнай дзейнасці”.   

    Вольнага часу, як прызнаецца сама Вераніка Дзянісік, катастрафічна не хапае. Сёлета прыйшлося нават ад любімага тэніса адмовіцца. У рэдкія хвіліны адпачынку стараецца больш бываць на свежым паветры, разам з аднакласніцамі любіць паблукаць вулачкамі роднага Ракава. А калі надвор’е зусім не прагулачнае, то таксама не дрэнна – можна атрымаць асалоду ад чытання. Перавагу дзяўчынка аддае фантастычнаму жанру. Хаця сама, як бачым, далёка не летуценніца і не фантазёрка. Характар у яе дастаткова цвёрды, а жыццёвая пазіцыя мэтанакіраваная. Пры гэтым Вераніка вельмі выхаваная і мілая дзяўчынка. Яе прыгожаму тварыку пасуе пяшчотная ўсмешка, ласкавы голас без грубых ці крыклівых нотак. Здараецца ж вось, што сыходзяцца разам знешняя і душэўная прывабнасць, а яшчэ акуратнасць, дысцыплінаванасць і розум!

     Знаходзіцца ў адной кампаніі з Веранікай Дзянісік – справа пачэсная. Прынамсі так лічыць шасцікласнік гэтай жа школы Павел СКІДАН, які па выніках мінулага году таксама стаў лепшым, праўда, у намінацыі “Адданы спорту”. Хлопчык займаецца барацьбой таэквандо і ўжо мае на сваім асабістым рахунку не адну перамогу. Трэніруецца ён у настаўніка фізкультуры А. М. Шаблыкі. Аляксандр Мікалаевіч характарызуе Паўла як вельмі перспектыўнага юніёра. У хлопчыка выключныя фізічныя даныя, а яго сіле волі, байцоўскаму духу могуць пазайздросціць і прафесіянальныя спартсмены.

     Класны кіраўнік Вольга Іосіфаўна Ярмак спадзяецца, што Павел вырасце выдатным чалавекам. Ён усебакова развіты, добра вучыцца. А як выступае на канцэртах, калі бярэ ў рукі гітару! Хлопчык жыве па напружаным графіку, але менавіта такім было дзяцінства ў кожнага сапраўднага мужчыны. 

     Ёсць дзеці, якіх выдзеліш у самым вялікім натоўпе. Здаецца, нічым вельмі і не адрозніваюцца ад іншых, а ўсё адно вока іх вылучае. Менавіта да ліку такіх адносіцца і Павел Скідан. Магчыма, сакрэт у нябачнай, але адчувальнай энергетыцы. Паўлік проста вылучае аптымізм, бадзёрасць. Ён умее захаваць раўнавагу ў самай крытычнай сітуацыі, падняць настрой сябрам і застаецца пры гэтым добрым, спагадным хлопчыкам.    

Алена ЗБІРЭНКА

Фота прадастаўлена Ракаўскай СШ       

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars