Рамантык шансона

Культура

18 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры адбыўся канцэрт выканаўцы лірычнага шансона Аляксандра КАРАЛЁВА. Перад выступленнем ён правёў сустрэчу з прыхільнікамі і прэзентацыю сваёй літаратурнай творчасці ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

    Гэта не першы візіт спевака ў Валожын. Апошні раз ён тут быў 5 гадоў таму, і з тых часоў горад запомніўся прыгожым і добраўпарадкаваным. Гастрольны графік насычаны: увесь кастрычнік і лістапад амаль штодня дае канцэрты ў розных кутках Беларусі, паспеў пабываць у Івянцы, ад нас паехаў у Паставы, потым – у Магілёў. Выступае і за мяжой, часцей за ўсё ў Расіі.

    Аляксандр Каралёў нарадзіўся ў Расіі, у дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Беларусь. Музыка прысутнічала ў жыцці з маленства: заўсёды любіў іграць на гітары, наведваў музычную школу. Але прафесійная адукацыя ніяк не звязана з творчасцю: ён скончыў Горны інстытут і нават паспеў папрацаваць на шахце. Потым уладкаваўся ў Дом культуры і пачаў сольную кар’еру. Дэбютны альбом «Я люблю цябе, Мінск!» выйшаў у 2005 годзе, праз некаторы час наступны – «Калі я прыеду дадому». Займаецца і літаратурай: свет ужо пабачылі два яго раманы – «Чырвонае сонца» і «Тры дзявяткі-999», яшчэ тры празаічныя кнігі знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, а ў планах – выдаць зборнік вершаў.

    На творчасць выканаўцу натхняюць пачуцці, жанчыны, прырода. І тэксты, і музыку сачыняе сам. Працэс напісання песні можа займаць ад аднаго дня да некалькіх месяцаў. Тэмы і сюжэты чэрпае ў рэальным жыцці, у тым, што адбываецца навокал.

     Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий