Ладзяць святы і дораць добры настрой

Культура

   З нагоды прафесійнага свята работнікаў культуры ў раённым Цэнтры культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Для нас прафесіі няма прыгажэй”.

    Павіншаваць дзеячаў культурнай нівы на сцэну падняўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Ён узгадаў, што кожны чалавек, дзе б ён ні працаваў, пастаянна судатыкаецца са сферай культуры, сустракаецца з яе прадстаўнікамі. Работнікі бібліятэк, музеяў, цэнтраў культуры выхоўваюць маладое пакаленне, зберагаюць тыя духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, якія дасталіся ў спадчыну, праводзяць шматлікія мерапрыемствы. Свае талент, майстэрства, цеплыню душы яны аддаюць людзям. Ігар Уладзіміравіч пажадаў, каб усе намаганні вярталіся да іх здароўем, поспехам, дабрабытам, а падзеі, што будуць адбывацца ў жыцці, прыносілі толькі радасць і задавальненне.

    Да сваіх калег, да ветэранаў працы, якія завіталі на мерапрыемства, з віншавальнымі словамі звярнуўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч. Ён зазначыў, што работнік культуры – не спецыяльнасць, а прызванне. Кожны прыходзіць у гэту сферу і застаецца ў ёй па закліку душы. Ні адно прафесійнае, дзяржаўнае, каляндарна-абрадавае, народнае свята не праходзіць без іх удзелу. У будныя, выхадныя, святочныя дні яны “на пярэдняй лініі”. Вікенцій Мікалаевіч уручыў граматы аддзела за добрасумленную працу ў сферы культуры, узорнае выкананне працоўных абавязкаў, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце, а таксама падзякі за добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, творчыя дасягненні ў працы лепшым прадстаўнікам усіх напрамкаў дзейнасці культурнай галіны.

    Да людзей, якія ўносяць неацэнны ўклад у духоўнае развіццё насельніцтва Валожыншчыны, берагуць і прымнажаюць культурную спадчыну малой радзімы, з найлепшымі пажаданнямі звярнулася старшыня Валожынскай раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Іванаўна Клачко і ўручыла памятныя падарункі А. В. Язерскаму, В. Я. Радына, В. В. Трахімовіч, В. М. Адамовічу, В. В. Язерскаму.

    Падзякаваць за супрацоўніцтва ў культурна-асветніцкай дзейнасці на ўрачыстасць завітала старшыня раённага аддзела грамадскага аб’яднання «Польска Мацеж Школьна» Ала Аляксандраўна Макарэвіч. Са сцэны віталі калег дырэктар раённага Цэнтра культуры А. І. Конаўка, завуч Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў В. М. Андрыеўская, намеснік дырэктара цэнтральнай бібліятэкі М. З. Шынгер, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Н. П. Лоўчая. Наталля Паўлаўна шчыра павіншавала ветэранаў працы, актыўная жыццёвая пазіцыя якіх і сёння служыць добрым прыкладам, а таксама работнікаў усіх кірункаў дзейнасці культурнай сферы. Асобна яна звярнулася да маладых спецыялістаў, што сёлета толькі распачалі сваю працоўную дзейнасць, і гэта прафесійнае свята стала першым у іх жыцці. Адзінаццаць юнакоў і дзяўчыт прыбылі ў 2018 годзе ва ўстановы культуры раёна. Н. П. Лоўчая ўручыла ім памятныя падарункі. У іх адрас прагучала пажаданне быць вернымі абранай прафесіі, каб яна кожнаму прыносіла радасць і задавальненне, а таксама падзяку гледачоў і слухачоў. Прыемна было пачуць, што былыя маладыя спецыялісты застаюцца працаваць у раёне. Гэта мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры Вера Лявіцкая і загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела Людміла Зубак.

    Да свайго прафесійнага свята работнікі культуры падрыхтавалі прыгожыя музычныя віншаванні. Гледачы шчыра апладзіравалі калегам, што выступалі на сцэне.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий