У камандзе чэмпіёнаў

Люди и судьбы

    29 кастрычніка калектыў Дэпартамента аховы адзначыць 66-ю гадавіну службы. Сёння Дэпартамент аховы – гэта моцны, высокапрафесіянальны калектыў аднадумцаў. Бяссонныя ночы, выезды па трывожных сігналах, штосекундная гатоўнасць прыйсці на дапамогу – вось іх паўсядзённая работа, якая падпарадкавана адзінай мэце – забяспечыць спакой грамадзян.

 

     Сваё майстэрства супрацоўнікі службы даказваюць яшчэ і на спартыўных пляцоўках сусветнага маштабу. Адным з такіх з’яўляецца Аляксандр КРАМЯНЕЦКІ, трохразовы чэмпіён свету па міні-футболе сярод паліцэйскіх.

    Чэмпіёнскі тытул – гэта не толькі вяршыня спартыўнай кар’еры, але і важкі ўклад ва ўмацаванне аўтарытэту і ведамства, і цэлай краіны.

    Карані чэмпіёна паходзяць з Валожыншчыны. Бацька Аляксандра, Іван Фёдаравіч Крамянецкі, нарадзіўся ў вёсцы Улазавічы. Цяпер тут пражываюць сваякі: бабуля Антаніна Уладзіміраўна Крамянецкая-Мішук, дзядзька Віктар Анатольевіч Крамянецкі, сын якога таксама супрацоўнік Дэпартамента аховы і служыць у Валожынскім аддзяленні, цётка Лёдзя Анатольеўна Крамянецкая-Жыдаловіч пераехала ў Валожын.

     Нарадзіўся Аляксандр у 1986 годзе. Біяграфія ў яго падобная да сотні іншых: школа, вучоба ў каледжы, служба ва Узброеных Сілах. У органы ўнутраных спраў прыйшоў у 2007-м. Пачынаў як міліцыянер-вадзіцель групы затрымання ў званні прапаршчыка.     

    Асноўны занятак у вольны ад работы час – гульня ў складзе каманды па міні-футболе “Ахова-Дынама” (Мінск). Шматразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь па міні-футболе сярод падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і чэмпіянатаў МУС Рэспублікі Беларусь. На працягу пяці гадоў ён адстойвае гонар краіны на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. У кастрычніку 2014 года на ХХХII міжнародным турніры сярод паліцэйскіх і пажарных (Нідэрланды) стаў чэмпіёнам свету.    

     За двухразовую перамогу на чэмпіянаце свету Аляксандр Крамянецкі з рук міністра ўнутраных спраў генерала-лейтэнанта Ігара Анатольевіча Шуневіча атрымаў вышэйшую адзнаку МУС – узнагародны корцік. У 2016 годзе зборная каманда МУС Рэспублікі Беларусь была бронзавым прызёрам,  у 2017-м – заняла чацвёртае месца ў турнірнай табліцы.

    11 кастрычніка 2018 года беларускі гімн зноў прагучаў у Нідэрландах. 208 каманд з Еўропы, Аўстраліі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі змагаліся за званне мацнейшых у міні-футболе. І зборная Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь стала чэмпіёнам 36-га Міжнароднага турніру сярод паліцэйскіх і пажарных. На гэты раз каманда разграміла калег з Румыніі, Малдовы, Чэхіі, Венгрыі.

     Напярэдадні свайго прафесійнага свята нашы супрацоўнікі прыпаднеслі  вялікі падарунак – праславілі краіну і папоўнілі прызавы фонд спартыўнай скарбонкі Міністэрства ўнутраных спраў. Вярнуліся чэмпіёны дадому 14 кастрычніка, акурат на Дзень маці.

     Карэспандэнт прэс-службы МУС пацікавіўся ў матулі Аляксандра Крамянецкага, які падарунак яна атрымала з нагоды свята ад сына. І тая адказала: “Самы каштоўны падарунак для мяне, як і для кожнай маці членаў каманды, – гэта тое, што нашы сыны жывыя, здаровыя, з перамогай вярнуліся да сваіх сем’яў”. А яшчэ Валянціна Мікалаеўна выказала словы ўдзячнасці ўсім балельшчыкам каманды “Ахова-Дынама” (Мінск) за падтрымку.

Наш кар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *