“Камсамол не проста юнацтва, камсамол – мой лёс…”

Общество

Ірына Сяргееўна КАВАЛЕНКА,

былы першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі:

    – Працавала сакратаром Валожынскага райкама Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі 4 гады – з 1978 па 1982. У абавязкі ўваходзіла курыраванне школьных арганізацый акцябрат і піянераў, настаўніцкіх камсамольскіх арганізацый, студатрадаў, арганізацыя адпачынку для дзяцей і моладзі, узаемадзеянне з аддзелам адукацыі.

    Працоўнае жыццё было цікавым і насычаным. Асабліва запомніліся святкаванні Дня нараджэння піянерскай арганізацыі. Сакратары пастаянна наведвалі мясцовыя ячэйкі арганізацый, каб валодаць актуальнай інфармацыяй пра тое, што праходзіць на месцах, каб працаваць эфектыўна. За чатыры гады ў ЛКСМБ паспела набыць шырокі вопыт, які дапамог у далейшым жыцці.

Мікалай Мікалаевіч БАБУК,

першы сакратар Валожынскага райкама камсамола з 1978 па 1980 гады:

    – Маладзёжнае жыццё тады было насычаным і цікавым. У раённай арганізацыі налічвалася больш за 5 тысяч камсамольцаў: пярвічкі ствараліся ў кожнай школе, калгасах і саўгасах, а на буйных прадпрыемствах іх налічвалася па некалькі. Сярод самых магутных і працаздольных – у райсельгастэхніцы на чале з Уладзімірам Ленскім, у саўгасе “Падбярэззе” актыў узначальваў Уладзімір Вашкевіч, а пасля Валерый Селівон, у калгасе “Чырвоная гвардыя” – Мікалай Аксіневіч. Яўген Скрундзь з’яўляўся камсоргам Пяршайскай школы. Актыўныя і адказныя лідары, усім сэрцам аддадзеныя вялікай краіне СССР. У далейшым яны занялі кіруючыя пасады. Трэба адзначыць, што менавіта камсамолу адводзілася важная місія – падрыхтоўка маладых кадраў: іх адбіралі яшчэ са школы, а пасля вучылі, накіроўвалі і падтрымлівалі.

    Памятаю, як актыў райкама для папаўнення радоў выязджаў у Івянецкую школу-інтэрнат. Тагачасны дырэктар установы, ветэран вайны Файба Лазаравіч Гольдшмідт.

    Выхадных амаль што не мелі, бо моладзь была наперадзе ўсіх спраў. Стваралі камсамольска-маладзёжныя экіпажы падчас пасяўной і ўборачнай, арганізоўвалі кампаніі па нарыхтоўцы галля для грамадскага статка, аднаўлялі ў Налібоцкай пушчы партызанскі лагер – жылі ў зямлянках, палатках. Пасля да нас завітаў сам Пётр Міронавіч Машэраў, былы партызан: касіў поруч з іншымі, гутарыў, цікавіўся справамі.

    А колькі справілі камсамольскіх вяселляў – небагатыя, але такія вясёлыя, радасныя! Як паказала жыццё, сем’і атрымаліся моцныя і дружныя.

    Асабіста я ўдзячны камсамолу, бо даў мне пуцёўку ў вялікае жыццё. Варта ўзгадаць, што камсамол быў ўзнагароджаны пяццю ордэнамі! Ён навучыў па-сапраднаму сябраваць. Дружба працягваецца і сёння: кожны год 29 кастрычніка мы сустракаемся разам.

Леў Вадзімавіч Бяляўскі,

першы сакратар Валожынскага раённага камітэта камсамола з 1972 па 1975 год:

    – Колькасць членаў раённай арганізацыі ў тыя часы дасягала да 5000 чалавек. 

     Асаблівая ўвага заўсёды надавалася ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Пры кожнай школе абавязкова ствараліся музеі ці куткі баявой славы. Там захоўваліся звесткі пра ветэранаў, іх успаміны, афармляліся альбомы з фотаздымкамі ваенных часоў. Куды дзеліся гэтыя бясцэнныя экспанаты (а іх было вельмі багата), цяпер цяжка сказаць.

     Менавіта ў 70-я гады мінулага стагоддзя на дамах вяскоўцаў з’явіліся чырвоныя зоркі, якія сведчылі пра тое, што тут жыве ўдзельнік вайны.

     Вельмі цікава праходзілі ваенна-спартыўныя гульні “Зарніца” для піянераў і “Арляня” для камсамольцаў. Ладзіліся яны і ўзімку, і ўлетку. Памятаю, як на стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка для фіналістаў гульні прагучала апошняе заданне: “Прыбраць за сабой смецце!” І ў лічаныя хвіліны ўсё зіхацела. Назіральнік падзеі, ветэран вайны, журналіст Сямён Ісакавіч Штэйнер пахваліў камсамольцаў за карысную ініцыятыву.

    Працавалі два ваенна-спартыўныя лагеры “Дзяржынец” і “Арляня”, якія рыхтавалі моладзь да службы ў арміі. Для наведвальнікаў лагераў шылася спецыяльная форма ваеннага ўзору. Камандзірамі былі сяржанты з часці, а начальнікамі – афіцэры ваенкамата. Фізпадрыхтоўка тут праводзілася вельмі сур’ёзная. Карысталіся папулярнасцю і так званыя “ўніверсітэты будучага байца”. Менавіта пасля заканчэння такіх універсітэтаў юнак атрымліваў камсамольскую пуцёўку для праходжання службы ў пагранічных войсках ці на ваенна-марскім флоце. У гэтыя прэстыжныя рады войск без хадайніцтва камсамола трапіць было немагчыма.

Сяргей Сяргеевіч МАЛЯЎСКІ,

ветэран камсамольскага руху:

  – У камсамол уступіў у 1960 годзе, першым сакратаром райкама тады быў Іван Канстанцінавіч Берцук. Правілы строгія, і цяжка перадаць, наколькі гэта было адказна і хвалююча: ведаць напамяць статут УЛКСМ – адна справа, а вось адказваць на розныя пытанні ў падлеткавым узросце – зусім іншая. Памятаю, як запыталіся, якую грамадскую нагрузку нясу ў школе. Адказаў, што ўдзельнічаю ў драмгуртку пры Доме культуры і нават назваў апошнюю п’есу – “Спатканне ля чаромхі”: з ёй пасля выязджалі ў Брылькі, Івянец. Але стаць камсамольцам з першага разу шчасціла не ўсім: некаторыя ўступалі з другога і нават трэцяга заходу.

    У хуткім часе ў школе мяне абралі намеснікам сакратара камсамольскай арганізацыі, у Горацкай сельгасакадэміі з’яўляўся членам бюро факультэта механізацыі, у арміі вылучылі намеснікам сакратара аўтароты. А калі прыйшоў працаваць у ПМК-65, пярвічка была трэцяя па колькасці пасля райспажыўтаварыства і райсельгастэхнікі: налічвалася амаль 80 чалавек. Працавала адна моладзь. Усе жылі адной сям’ёй, а начальства падтрымлівала. У выхадныя, напрыклад, ставіць задачу: выкапаць траншэю і пакласці 200 метраў дрэнажу. Ніколі не чуў, каб хто сказаў, што не можа ці заняты, разам рабілі, а пасля разам на танцы ішлі альбо на прыроду ехалі. Адпачывалі весела, шмат спявалі, з канцэртамі ездзілі ў другія раёны, пастаянна прымалі ўдзел у розных спаборніцтвах.

    Можна сказаць, што ў нас з жонкай камсамольская сям’я: яна нават была дэлегатам XVII з’езда ЦК УЛКСМ у Маскве. Прывезла адтуль сувенірную клюшку з аўтографамі ўсіх членаў зборнай па хакеі, ёсць там і подпіс знакамітага варатара Уладзіслава Траццяка. Маюцца ў сямейным архіве кнігі, фотаздымкі з зорнага гарадка. Да сённяшняга дня мы захоўваем і свае камсамольскія білеты. Яны – прыемная настальгія, якая вяртае ў маладосць, пару бязвоблачных мрой і надзей.

 

Анатолій Пятровіч ЛЯБЁДКА, першы сакратар раённага камітэта

Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі з 1983 па 1988 год:

   – Камсамольская арганізацыя раёна ў той час была шматлікай, яна складалася са 130 пярвічных, якія дзейнічалі на прадпрыемствах, у арганізацыях, калгасах і саўгасах, навучальных установах, вайсковай часці. У яе ўваходзілі амаль 7000 чалавек. Членамі ЛКСМБ праводзілася вялікая работа па самых розных напрамках дзейнасці. Моладзь была наперадзе ў любой справе.

    На сродкі, якія зарабілі камсамольскія і піянерскія арганізацыі падчас суботнікаў, да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у пасёлку Першамайскі, на месцы дыслакацыі Баранавіцкага падпольнага абкама партыі, штаба партызанcкага злучэння і Івянецкага і Валожынскага райкамаў камсамола адкрылі памятны знак. Райкам ЛКСМБ выступіў ініцыятарам будаўніцтва ў Валожыне дзіцячага парку. Моладзь ладзіла суботнікі, нядзельнікі. Вялікую падтрымку аказалі райкам партыі, райвыканкам, кіраўнікі прадпрыемстваў. Неўзабаве гарадок пачаў працаваць, у ім размясціліся не толькі розныя забаўляльныя пляцоўкі, але і кафэ, цір, амфітэатр. Гэта стала вялікай падзеяй для райцэнтра.

    Успамінаецца, як усім светам рыхтавалі навагоднія падарункі для воінаў-інтэрнацыяналістаў, што служылі ў Афганістане. Менавіта валожынцы першымі прапанавалі правесці падобную акцыю. Вырашылі сабраць адну вялікую пасылку: зрабілі кардонную скрынку з рабром пад два метры і склалі туды ўсё неабходнае, што сабралі агульнымі намаганнямі. Я сам яе адвозіў да эшалона і бачыў, як былі здзіўлены яе памерамі ваенныя.

    Мы пераймалі добры вопыт у іншых раёнаў. Так у васьмідзесятыя гады на вуліцы Беларускай, у сталовай калгаса імя Леніна, пачало працаваць маладзёжнае кафэ. У рэстаране штомесяц для камсамольскага актыву ладзіліся вечары. У гэты час сталі праводзіць шматдзённыя турзлёты. На базе кінатэатра «Юнацтва» дзейнічаў Клуб аматараў кіно. Менавіта ў Валожыне адбылася прэм’ера фільма «Белыя росы», на якую завіталі і акцёры, што ў ім здымаліся.

    Калі будаваўся жывёлаводчы комплекс у калгасе 1 Мая ў вёсцы Сакаўшчына, стварылі маладзёжны атрад, у які ўвайшлі па аднаму маладому чалавеку з розных прадпрыемстваў Валожына. На працягу трох месяцаў яны выконвалі ўсе бетонныя работы. Кожнае лета арганізоўваліся атрады, якія будавалі жыллё на сяле, а восенню дапамагалі з уборкай ураджаю.

    За кожнай пярвічнай камсамольскай арганізацыяй была замацавана ферма, дзе займаліся добраўпарадкаваннем, арганізоўвалі месца адпачынку для жывёлаводаў, вялі масава-палітычную работу, афармлялі чырвоны куток, выпускалі насценную газету і, наогул, стараліся зрабіць жыццё работнікаў больш разнастайным і цікавым.

    Камсамольская арганізацыя была кузніцай кадраў для раёна. Актывісты станавіліся лідарамі камуністычнай партыі, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў. Многія ўзначальвалі іх аж да нядаўняга часу, пакуль не выйшлі на заслужаны адпачынак.

    Напярэдадні слаўнай даты хочацца пажадаць ветэранам камсамольскага руху здароўя і дабрабыту, а моладзі імкнуцца выканаць дзве асноўныя задачы: атрымаць годную адукацыю і стварыць сям’ю.

 



Добавить комментарий