Дарожная служба працуе дружна

    Дарагія работнікі і ветэраны галіны дарожнага будаўніцтва, калегі з іншых арганізацый, а таксама калектыў аўтапарка № 14 і ўсе, хто мае права называцца аўтамабілістам!

    Прыміце шчырыя віншаванні з прафесіянальным святам – Днём аўтамабіліста і дарожніка. Кожны дзень напружанай і адказнай працы вадзіцеляў, рамонтнікаў, дарожнікаў, інжынерна-тэхнічных работнікаў забяспечвае паспяховую дзейнасць вытворчых сфер грамадства і ўносіць вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна.

     Жадаем усім моцнага здароўя, выдатнага настрою і прафесіянальных дасягненняў. Членам нашага калектыву – жыццёвага шляху без перашкод і выбоін. Няхай усе дарогі вядуць да вяршынь і поспеху. Матэрыяльнага вам дабрабыту і сямейнага цяпла.   

                                                                                                                     З павагай – кіраўніцтва філіяла

КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”

 

ДАРОЖНАЯ СЛУЖБА ПРАЦУЕ ДРУЖНА

     Сёлетні год – юбілейны для КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”. Арганізацыя створана ў чэрвені 1963 года. У тыя часы сетка аўтамабільных дарог складала ў раёне 284,2 кіламетра, палова з якіх была грунтавой.

    Цяпер жа пад патранажам калектыву 998,4 кіламетра аўтатрас, 223,5 кіламетра вясковых вуліц і 68 мастоў агульнай працягласцю 1572 пагонныя метры. Значна змянілася і структура арганізацыі. Для больш аператыўнага абслугоўвання створаны 3 дарожна-рамонтныя пункты: Ракаўскі, Вішнеўскі, Івянецкі, а агульная колькасць працаўнікоў на сёння складае 129 чалавек. Безумоўна, непазнавальна ўзбагацілася матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне. Толькі ў апошнія месяцы набыты новыя экскаватар і пагрузчык беларускай вытворчасці маркі “Амкадор”, паступова набывае сучасны выгляд адміністрацыйны будынак, добраўпарадкоўваюцца ўнутраныя памяшканні.  

     Работу рамонтніка дарог лёгкай ніяк не назавеш: даводзіцца заступаць на змену ў любы час сутак, не зважаючы на непагадзь, на святочныя дні. Вадзіцелі і трактарысты заўсёды, як байцы, павінны быць у поўнай гатоўнасці прыступіць да службовых абавязкаў. 

     Напярэдадні прафесіянальнай урачыстасці ДРБУ № 167 таксама ў клопатах. Важнейшы ўчастак – рамонт ваеннага гарадка на тэрыторыі вайсковай часці № 30695. Тут неабходна асвоіць больш за 4 мільёны рублёў. На дадзены момант асноўныя работы выйшлі, як гаворыцца, на фінішную прамую.

    Калі пастарацца пералічыць усё, што сёлета збудавана і адрамантавана прадпрыемствам, то спіс акажацца вельмі доўгім. Нагадаем толькі пра 500 метраў вела-пешахоных дарожак, аднаўленне ліўневых каналізацый і дарожнага асвятлення, устаноўку чатырох павільёнаў на вясковых аўтобусных прыпынках. Ажыццяўляецца бягучы рамонт аўтадарогі Н 8256 напрамкам Ракаў-Курдуны-Баравікоўшчына. Маюць патрэбу ў паслугах валожынскіх дарожнікаў і іншыя рэгіёны вобласці. Працоўны дэсант ДРБУ № 167 быў накіраваны ў Жодзіна, дзе ўжо выкананы даволі вялікі ўчастак работ. На тэрыторыі раёна капітальна адрамантаваны 28,4 кіламетра асфальтнага пакрыцця. 

     З выпускам неабходных у дарожным будаўніцтве матэрыялаў нядрэнна спраўляецца асфальт-бетонны блок, больш вядомы ў жыхароў раёна як асфальтны завод.    

    З нагоды свята лепшыя працаўнікі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі КУП “Мінскаблдарбуд”. Гэта начальнік вытворчага ўчастка Святлана Уладзіміраўна Скрундзь, трактарыст Сяргей Аляксандравіч Аксёнаў, дарожны рабочы Ігар Баляслававіч Нядзвецкі. Яшчэ чатыры чалавекі адзначаны Падзякамі гэтай вышэйстаячай арганізацыі.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

    Старшыня прафарганізацыі Таццяна РЭДЗЬКО.

 

    Трактарыст Сяргей АКСЁНАЎ.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars