Разагнаць цемру

У краіне зараз праходзіць месячнік “Белая трысціна”, яго мэта – унікнуць у праблемы сляпых і людзей, якія дрэнна бачаць.

     На мінулым тыдні ў памяшканні кінатэатра “Юнацтва” адбылося сумеснае пасяджэнне членаў раённага аддзялення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку з адказнымі службовымі асобамі райвыканкама, прадстаўнікамі розных службаў, арганізацый і прадпрыемстваў. Перад пачаткам мерапрыемства ў фае кінатэатра была арганізавана выстаўка інжынерна-тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі для людзей з інваліднасцю па зроку. Экспанаты зацікавілі не толькі тых, каму яны адрасаваны. Удзельнікі сустрэчы разглядалі прывычныя бытавыя і медыцынскія прыборы з дадатковай размоўнай функцыяй: вагі, тэрмометры, танометры, гадзіннікі. Выстаўляліся і больш фантастычныя рэчы: этыкеткі, якія ўмеюць “гаварыць”, апавяшчальнік-распазнавальнік колераў, электронныя павелічальнікі для чытання, рукадзелля ці проста для бачання ўдалячынь. Шкада, што ўсе гэтыя навінкі па кішэні далёка не кожнаму… 

     Сляпыя і слаба відушчыя людзі многія неабходныя рэчы атрымліваюць бясплатна, за некаторыя выплачваюць толькі часткова. Апошнім часам усё большую папулярнасць набывае праграмнае забеспячэнне для смартфонаў. Сучасныя гаджаты становяцца “вачамі” чалавека. З іх дапамогай можна ажыццяўляць банкаўскія аперацыі, “чытаць” паказальнікі лічыльнікаў ці анатацыю да лекаў, прайсці па незнаёмай вуліцы, карыстацца грамадскім транспартам. У абласным аддзяленні таварыства створаны курсы па авалоданні гэтымі інавацыйнымі дапаможнікамі. Прадстаўнік Валожынскага аддзялення “Беларусбанка” заверыў, што іх установа ўжо паклапацілася пра адпаведнае праграмнае забеспячэнне.

     А навінка ў выглядзе кінастужкі для сляпых дэманстравалася прама на мерапрыемстве. Любімую камедыю “Белыя Росы” з задавальненнем паглядзелі не толькі члены БелТіЗ, але і наведвальнікі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў.

    Падымаліся і надзённыя пытанні. Так, шмат негатыўных водгукаў прагучала ў адрас лесвіцы ад вуліцы Беларускай да будынка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама некаторых тратуараў з неабазначанымі прыступкамі. Спецыяліст РУП “Валожынскі жылкамунгас” П. В. Клімянкоў падкрэсліў, што гаспадары праблемных аб’ектаў будуць абавязаны іх адрамантаваць. Камунальнікам жа ў бліжэйшы час давядзецца абрэзаць дрэвы, голле якіх перашкаджае пешаходам, ліквідаваць яму перад уваходам у пад’езд, дзе жыве інвалід, а таксама па ўказаным адрасе ўстанавіць поручні для спуску ў падвал.

     Атрымала “дамашняе” заданне і начальнік аўтавакзала Т. М. Круцько. Ёй даручана дамовіцца з дырэктарам аўтапарка № 14 пра тое, каб вадзіцелі апошняга рэйса з Мінска падвозілі пасажыраў не толькі ў цэнтр горада, але і ў мікрараён Сельгастэхніка. 

     Фізічна аслабленыя людзі маюць вострую неабходнасць у частым наведванні медыцынскіх устаноў. У адрас галоўнага ўрача райбальніцы П. А. Ганчара выказваліся і падзякі, і просьбы. У прыватнасці, людзі з дрэнным зрокам мараць, каб таблічкі пісаліся чорнымі літарамі на жоўтым фоне – на такім кантрасце іх прасцей чытаць. Для пажылой жанчыны рашылася пытанне атрымання медыцынскіх працэдур на даму. Для гэтага дастаткова ўведаміць свайго ўчастковага ўрача, а замацаваная медсястра прыедзе і зробіць укол ці паставіць кропельніцу.

      У раёне адбылося шмат станоўчых змен менавіта ў адносінах да інвалідаў: ажыццяўляецца праграма “Безбар’ернае асяроддзе”, запускаецца пілотны праект па ўстаноўцы электронных моўных інфарматараў. Але нават тады, калі ўсе пабудовы стануць дасканалымі, людскую любоў і спагаду яны не заменяць. Таму ў першую чаргу трэба вучыцца і вучыць чалавечнасці…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара   

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars