Пераемнасць пакаленняў

Напярэдадні слаўнай даты 100-годдзя ВЛКСМ у гімназіі № 1 райцэнтра для вучняў старэйшых класаў адбылося ўрачыстае мерапрыемства.

    Сярод ганаровых гасцей на свяце прысутнічалі людзі, што ў розныя гады ўзначальвалі Валожынскі раённы камітэт камсамола. Гэта Леў Вадзімавіч Бяляўскі, Ірына Сяргееўна Каваленка і Анатолій Пятровіч Лябёдка. Таксама сярод запрошаных была першы сакратар раённага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Юлія Фёдараўна Лагуціна.

    Ветэраны камсамольскага руху разам з маладым пакаленнем перагарталі старонкі слаўнай камсамольскай гісторыі. Яны далі магчымасць рабятам акунуцца ў той час і зразумець значэнне знамянальнай даты для нашай Радзімы.

    Госці мерапрыемства з гонарам успаміналі дасягненні сваёй арганізацыі. А іх сапраўды было шмат. Падчас Вялікай Айчыннай вайны камсамольцы змагаліся ў першых радах дзеючай арміі, актыўна ўдзельнічалі ў партызанскім руху, пасля аднаўлялі разбураную народную гаспадарку, стваралі энергетычны і нафтабазавы комплексы рэспублікі. Яны ехалі на будаўніцтва важных для дзяржавы аб’ектаў у самыя аддаленыя кропкі Савецкага саюза. За свае подзвігі Усесаюзны Ленінскі камуністычны саюз моладзі ў 1928-1968 гадах быў узнагароджаны шасцю ордэнамі. Поспехі камсамола ўслаўляліся ў песнях, вершах, кінафільмах.

    Прадстаўнікі жывой гісторыі краіны, што завіталі на ўрачыстасць, распавялі і непасрэдна пра сваю дзейнасць, калі яны ўзначальвалі маладзёжную арганізацыю раёна. Гэта быў час іх юнацтва, які пакінуў самыя яркія, самыя добрыя ўспаміны. Жылося цяжка, але камсамольскі задор, мэтанакіраванасць, захопленасць справай не дазвалялі звяртаць на гэта ўвагу. Ініцыятары новых задум, цікавых прапаноў, яны ніколі не сумавалі, заўсёды былі наперадзе.

    Калі Л. В. Бяляўскі ў 15 гадоў уступіў у ВЛКСМ, то ўжо працаваў слесарам на райаграпрамкамбінаце ў Вілейцы, а вучыўся ў вячэрняй школе. Адразу ж ён стаў сакратаром цэхавай арганізацыі, затым членам камітэта камсамола прадпрыемства. Пасля атрымаў вышэйшую адукацыю. Увесь час актыўна займаўся грамадскай работай, уваходзіў нават у абласны камітэт камсамола. Мае заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку і медаль “За доблесную працу”. А ў 1972 годзе мужчына перабраўся ў Валожын, дзе ўзначаліў камсамольскую арганізацыю раёна і звязаў з нашым горадам далейшае сваё жыццё. Леў Вадзімавіч пажадаў арганізацыі БРСМ гімназіі № 1, каб яна па ўсіх паказчыках была першай у раёне, а рабятам рэкамендаваў не цурацца грамадскай работы, а старацца праявіць сябе.

    І. С. Каваленка зазначыла, што для яе ВЛКСМ – гэта летапіс гераічных працоўных дасягненняў моладзі, што была ахоплена энтузіязмам і рамантыкай. Яна ўспомніла, як пачэсна было называцца камсамольцам, як юнакі і дзяўчаты імкнуліся ўступіць у рады арганізацыі, назубок вучылі Статут. У першую чаргу сярод тых, хто дасягнуў 14-гадовага ўзросту, прымалі лепшых вучняў і актыўных удзельнікаў грамадскай работы. Пасля яны стараліся дапамагчы слабейшым, прыцягнуць іх да ўдзелу ў шматлікіх мерапрыемствах, каб тыя таксама сталі годнымі членамі ВЛКСМ. І сёння Ірына Сяргееўна беражліва захоўвае свой камсамольскі білет, з ім яна завітала на свята і паказала ўсім прысутным.

    А. П. Лябёдка лічыць, што стварэнне сто гадоў назад маладзёжнай арганізацыі было вельмі мудрым рашэннем. Юнакі і дзяўчаты знаходзіліся наперадзе, станавіліся ініцыятарамі самых розных спраў. Яны ехалі на ўдарныя камсамольскія стройкі, аднаўлялі гаспадарку, рабілі канкрэтныя справы для паляпшэння дабрабыту сваёй краіны. Калі працаваў першым сакратаром камітэта камсамола раёна, пастаянна адчувалася падтрымка райкама партыі, райвыканкама, кіраўнікоў прадпрыемстваў, заўсёды можна было разлічваць на іх дапамогу. Анатолій Пятровіч лічыць цудоўным тое, што ў камсамола ёсць правапераемнік – БРСМ, і цяперашняя моладзь выхоўваецца на традыцыях старэйшага пакалення. Ён упэўнены, што сучасныя юнакі і дзяўчаты таксама стараюцца зрабіць цікавым і насычаным сваё жыццё.

    Першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Ю. Ф. Лагуціна сказала, што члены Саюза моладзі ставяць сваёй мэтай унесці як мага большы ўклад у стварэнне моцнай, квітнеючай Беларусі. Усё лепшае, што было ў камсамола, знайшло сваё адлюстраванне ў рабоце сённяшняй арганізацыі. Адрадзіліся валанцёрскія, працоўныя, студэнцкія атрады, суботнікі. Юнакі і дзяўчаты праяўляюць ініцыятыву ў самых розных сферах. Яны добра разумеюць, што ім будаваць будучае сваёй Радзімы.

    Прысутныя рабяты з цікавасцю слухалі людзей, дзейнасць якіх даўно стала гісторыяй. Яны падзякавалі гасцям за змястоўную размову і ўручылі падарункі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars