Спорт – захапленне жыцця

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

      Яўген ШАКУН вучыцца ў 10 “Б” класе гімназіі № 1 г. Валожына пад кіраўніцтвам Святланы Вітольдаўны Федарака.

    Хлопец ужо сем гадоў займаецца баскетболам і за свае дасягненні быў узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Спартсмен года” ў конкурсе “Вучань года”. Абараняе гонар Валожына ў гарадской камандзе на пазіцыі развадзяшчага. Зборная выйшла пераможцай на этапах баскетбольных спаборніцтваў раённага і абласнога ўзроўняў. Зараз Яўген рыхтуецца да рэспубліканскага турніру.

    Трэніруецца хлопец 4 разы на тыдзень з настаўнікам Леанідам Уладзіміравічам Хвядчэням. Акрамя гэтага ўдзяляе шмат часу рознай фізічнай актыўнасці, таму што спорт – гэта асноўнае захапленне яго жыцця. Асабліва падабаецца наведваць басейн. Баскетболам цікавіўся з дзяцінства, таму і пачаў займацца любімай справай на больш высокім узроўні.

    У школе хлопец вучыцца старанна, атрымлівае добрыя адзнакі. Любімыя прадметы, на вывучэнне якіх гімназіст накіроўвае асаблівую ўвагу, – матэматыка і англійская мова. З будучай прафесіяй яшчэ не вызначыўся, але хутчэй за ўсё яна будзе звязана з тэхнічным напрамкам.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars