У любым узросце ёсць месца творчасці

      У раённым Цэнтры культуры прайшла сустрэча-прэзентацыя творчасці члена літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Людмілы КРАСНАДУБСКАЙ. У апошні час былі выдадзены дзве яе кнігі “Дарогаю жыцця” і “Мой адбітак на пяску часу”. З вершамі, што ўвайшлі ў гэтыя зборнікі, паэтка і пазнаёміла ўсіх, хто завітаў на вечарыну.

    У жыцці Людмілы Мікалаеўны заўсёды было месца для творчасці. Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы з прыгожай назвай Вішнёўка Мінскага раёна. Вершы пачала складаць яшчэ ў чацвёртым класе. Аднойчы, калі школьніца напісала сачыненне ў паэтычнай форме, настаўніца высока ацаніла яе працу і натхніла дзяўчыну да далейшай дзейнасці. Педагог даслала творы Людмілы ў дзіцячую газету “Піянерская праўда”, а таксама на радыё ў праграму “Жывое слова”. На ўсё жыццё наша гераіня засталася ўдзячна гэтаму чалавеку, што першай заўважыла і пастаралася развіць яе талент.

    З дзяцінства Людміла Краснадубская вельмі любіла коней, і калі прыйшоў час выбіраць прафесію, паступіла вучыцца на агранома. Гэтай справе і прысвяціла большую частку свайго працоўнага шляху. Па размеркаванні трапіла ў Лагойскі раён, пасля перабралася ў Дзятлава. Але жыццё склалася так, што аднойчы яна аказалася на Валожыншчыне. Купіла тут хату ў вёсцы Капусціна, працавала ў магазіне, на пошце. Гэты час стаў лёсавызначальным для Людмілы Мікалаеўны. Яна даведалася пра “Рунь” і прынесла сюды свае вершы. Сустрэча з таленавітым кіраўніком аб’яднання Валянцінай Францаўнай Гіруць-Русакевіч натхніла на далейшы творчы пошук. Сярод рунеўцаў знайшла аднадумцаў, здабыла тое, чаго ёй раней не хапала. Аказалася, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца. На гэты перыяд прыйшоўся росквіт яе таленту.

    Пакуль выдаліся аўтарскія кнігі, вершы Людмілы Краснадубскай ужо друкаваліся ў Валожынскай, Лагойскай, Дзятлаўскай раённых газетах, а таксама ў зборніках літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Калі ў юнацтве перавагу аддавала тэме кахання, то цяпер больш піша пра сэнс жыцця, яго радасці і расчараванні, людзей, беларускую прыроду, шчырую любоў да сваёй радзімы. Паэзія – не адзінае захапленне нашай гераіні. Яшчэ яна складае музыку на свае словы, вершы сяброў па пяры і нават на творы класікаў. Таксама жанчына любіць спяваць, мае прыгожы голас, таму сама з’яўляецца і выканаўцам.

    Чатыры гады назад Людміла Мікалаеўна па сямейных абставінах змяніла месца жыхарства. Яна перабралася ў горад Ліду, але застаецца вернай валожынскай “Руні”. На новым месцы няўрымслівая натура Л. М. Краснадубскай таксама праявіла сябе. Там яна стала членам Клуба актыўнага даўгалецця аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту, як паэт-песеннік выступае ў санаторыях, музеях, цэнтрах культуры. Удзельнічае жанчына і ў разнастайных конкурсах. Так, яна стала дыпламантам XII рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, што праходзіць у Гродне. Людміла жаданы госць на радыё, здымаецца на лідскім тэлебачанні, прымае ўдзел і ў мерапрыемствах іншых рэгіёнаў.

    Сімвалічна, што сустрэча-прэзентацыя прайшла напярэдадні свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дня маці. Наша гераіня выгадавала траіх дзяцей. Цяпер яна клапатлівая, любячая бабуля семярых унукаў. Сын Аляксандр са сваёй дачкой Арынай, сяброўка па Клубу актыўнага даўгалецця з Ліды, прадстаўнікі “Руні” і шматлікія паклоннікі творчасці паэткі-песенніка завіталі на мерапрыемства, каб павіншаваць і выказаць удзячнасць. Людміла Мікалаеўна ў гэты дзень пачула шмат цёплых слоў і атрымала мноства кветак. Яна ж шчыра распавядала пра сябе, чытала вершы і выконвала ўласныя песні. У зале панавала душэўная, добразычлівая атмасфера, тут сабраліся блізкія па духу людзі.

    Людміла Краснадубская з’яўляецца прыкладам чалавека ва ўзросце. Жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй паспявае парабіць хатнія справы, папесціць унукаў, дапамагчы дзецям, знаходзіць час для творчасці і адпачынку. Яна не дазваляе шэрай паўсядзённасці панаваць у сваім жыцці, а стараецца атрымліваць ад кожнага дня радасць і задавальненне.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars