Лепшая ў алімпіядным руху

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ЛЕПШАЯ Ў АЛІМПІЯДНЫМ РУХУ

    Імкненне да ведаў, настойлівасць, творчы падыход да справы, індывідуальнасць і непаўторнасць – рысы, якімі можна ахарактарызаваць вучаніцу 9-га класа Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу Марыю ХАЦЯНОВІЧ, што перамагла ў конкурсе “Вучань года-2018” у намінацыі “Лепшы ў алімпіядным руху”.

    Дзяўчына адказна ставіцца да вучобы, таму паказвае трывалыя веды па ўсіх прадметах і на заканчэнні кожнага навучальнага года атрымлівае падзяку “За выдатныя поспехі ў вучобе”. Са слоў класнага кіраўніка Людмілы Казіміраўны Харлінскай, вучаніцу адрозніваюць дысцыплінаванасць, сур’ёзнасць, камунікабельнасць.

    Марыя з задавальненнем займаецца даследчай дзейнасцю. Адораная, з творчым патэнцыялам дзяўчына рэалізуе сябе таксама ў розных інтэлектуальных конкурсах. Кожны навучальны год прыносіў нашай гераіні новыя здабыткі, быў па-свойму адметным. А 2017-2018 стаў сярод іх самым багатым на ўзнагароды. Яна яскрава прадэманстравала ўласныя здольнасці і апраўдала чаканні настаўнікаў. На другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Руская мова і літаратура” вучаніца атрымала Дыплом III ступені, у інтэрнэт-алімпіядзе па хіміі – Дыплом I ступені, у раённым конкурсе “Школа бяспекі-2018” – Дыплом I ступені, у раённай прававой алімпіядзе “Ад праў дзіцяці – да праў чалавека” заняла 1-е месца. Выдатныя вынікі і сталі падставай для перамогі ў конкурсе “Вучань года-2018”.

    У свабодны ад вучобы час Марыя стараецца паспрабаваць і праявіць сябе ў іншых сферах дзейнасці. Яна займаецца танцамі, што дапамагае ўмацаваць здароўе, атрымаць зарад бадзёрасці, стаць больш упэўненай. І, наогул, танцы – гэта прыгожа. Яшчэ дзяўчына закончыла музычнае аддзяленне школы мастацтваў па класе фартэпіяна, таму добра валодае вышэйназваным інструментам. У вольную хвіліну любіць чытаць. Асабліва ёй падабаецца фэнтэзі. Нядаўна перагарнула апошнюю старонку кнігі Швайкерт Ульріке “Спадчыннікі ночы”. Знаходзіць Марыя час і для таго, каб дапамагчы бацькам. Не пакідае па-за ўвагай і малую пяцігадовую сястрычку. Жаданне паспець зрабіць за дзень усё задуманае дапамагае дзяўчыне быць больш арганізаванай і мэтанакіраванай, прывучае да самадысцыпліны.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars