Пазнавальная вандроўка

    Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама яшчэ летась распрацаваў два турыстычныя маршруты па Валожыншчыне. Актыўна ўключыліся ў гэту работу і культработнікі раёна: мастацкія калектывы, кіраўнікі гурткоў, спецыялісты музейнай справы.  Адзін напрамак пралягае праз Сакаўшчыну, Вішнева, Багданава і Дубіну, другі знаёміць са славутасцямі Івянца і Ракава.

    Падчас дарогі экскурсавод, а па сумяшчальніцтве навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык выдатна расказвае пра кожны населены пункт, які даводзіцца праязджаць. Звесткі настолькі цікавыя, што нават знаўцы роднага краю застануцца ўражанымі. Некаторыя працоўныя калектывы ўжо скарысталі магчымасць і ў поўнай меры ацанілі вартасць такіх аўтобусных вандровак па малой радзіме. Нядаўна ў ролі турыстаў пабывалі камунальнікі райцэнтра.

     Прафсаюзная арганізацыя РУП “Валожынскі жылкамунгас” даўно славіцца сваёй актыўнасцю. Старшыня пярвічкі Аляксандр Сцяпанавіч Бяляўскі штогод арганізоўвае для членаў калектыву самыя разнастайныя паездкі. Яны аб’ездзілі ўсю Беларусь, пабывалі ў блізкім і далёкім замежжы, з’яўляюцца заядлымі тэатраламі. А нядаўна задумаліся: у пагоні за далёкімі дзівосамі можна зусім забыцца пра тое, што ёсць дома. Адзін з выхадных дзён група работнікаў жылкамунгаса адвяла на наведванне Сакаўшчыны, Вішнева, Багданава і Дубіны. Прыемных момантаў аказалася столькі, што было вырашана апрабаваць і іншы кірунак, да таго ж частку расходаў на паездку ўзяў на сябе прафсаюз. Камунальнікі і сталі першапраходцамі  ракаўска-івянецкага напрамку. 

    Зазначу, што аддаць перавагу якому-небудзь аднаму маршруту вопытныя турысты з жылкамунгаса не змаглі: цікава і хораша было ўсюды. Тым, хто яшчэ не падарожнічаў па роднай Валожыншчыне, яны раяць планаваць адразу дзве паездкі. Але неабходна ўлічыць: для гэтага спатрэбяцца і два выхадныя.

     Падарожжа на Івянец і Ракаў пачалося ў 9.00. Пасля знаёмства з рэлігійнымі святынямі старажытнага Ракава турыстаў чакала кава-паўза ў мясцовым цэнтры фальклору. Душу тут таксама можна было наталіць, паслухаўшы аўтэнтычныя музычныя інструменты, палюбаваўшыся на саматканыя паясы, батлейку. Парадавалі выступленнем артысты славутага “Гасцінца”, а яшчэ яны правялі майстар-клас па народных танцах. Усю дарогу да Івянца турысты дзяліліся захапленнямі ад убачанага, пачутага і нават трохі ганарыліся, што і самі аказаліся спраўнымі танцорамі…

    У Івянцы аматары даўніны прымералі на сябе ролю ткачыхі, каваля, ганчара, а дзякуючы экскурсаводу – дырэктару музея традыцыйнай культуры Валянціне Тадэвушаўне Адамовіч – з галавой акунуліся ў атмасферу местачковага побыту. Акрамя гістарычных звестак, маршрут парадаваў канцэртнымі нумарамі, якія прадугледжваліся праграмай. 

    Апошняй кропкай таго памятнага дня стаў абед у кафэ “Маладзёжнае”, які івянецкія культработнікі ператварылі ў сапраўдны баль. У 17.00 вандроўнікі накіраваліся дадому ў поўным перакананні, што час і грошы яны патрацілі з карысцю як для ўзбагачэння душы, так і для здароўя.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars