Перспектыўны старт

Калі запытаць у жыхароў вёскі Ракаў, што яны могуць сказаць пра свайго ўчастковага інспектара, старшага лейтэнанта міліцыі Дзяніса ЗУБКОЎСКАГА, то ў адказ пачуеш толькі станоўчыя характарыстыкі і словы ўдзячнасці.

    Прафесію ён выбраў свядома: хацелася займацца сур’ёзнай мужчынскай справай, абараняць добрых людзей ад злых, стаяць на варце справядлівасці. У разлік бралася і магчымасць кар’ернага росту па службовай лесвіцы ў сілавых структурах. Значных момантаў у біяграфіі маладога міліцыянера пакуль што не шмат. Галоўнай вехай стала вучоба ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, якую закончыў у 2015 годзе. Першае месца працы – Савецкі РАУС горада Мінска. Праз два гады пераведзены ў Валожынскі РАУС. І гэты паварот лёсу Дзяніса не засмуціў – зручней стала дабірацца на работу, бо жыве ў Аксакаўшчыне. Дома яго цяпер часцей бачаць жонка і маленькая дачушка Аліса.

    Служба ў сельскай мясцовасці мае свае адметнасці – чалавек у пагонах тут заўсёды навідавоку, што прадугледжвае асаблівую патрабавальнасць у першую чаргу да сябе. Прынамсі так вучыць Дзяніса Сяргеевіча яго цяперашні старэйшы калега Аляксандр Іванавіч Кажэка. Разам яны забяспечваюць правапарадак вялікай і даволі складанай у крымінальных адносінах Ракаўскай адміністрацыйнай акругі. Плошча сельсавета – 200 квадратных кіламетраў, тут 64 населеныя пункты з 5443 жыхарамі, вялікая колькасць дачных кааператываў, блізкасць сталіцы і наяўнасць аўтатрас рэспубліканскага значэння.

    На першым жа годзе нясення службы ўчастковы інспектар міліцыі Зубкоўскі разам з аператыўнікамі крымінальнага вышуку здолеў высачыць і схапіць злачынца-рэцыдывіста, за якім даўно “палявалі” праваахоўнікі. Гэты мужчына калісьці быў членам сумнавядомай банды Марозава з Гомеля, меў за плячамі не адну “ходку” на зону, агулам адсядзеўшы 16 гадоў, а выйшаўшы ў чарговы раз на волю, учыніў не менш за 12 новых злачынстваў, у асноўным – крадзяжы дачнай маёмасці грамадзян. Злодзей з такім унушальным крымінальным “багажом” разлічваў, што здолее “замесці” сляды, пазбегнуць выкрыцця і пакарання. Ды трапіліся на яго шляху граматныя прафесіяналы, пільныя і ўважлівыя – супрацоўнікі Валожынскага РАУС.  

    Нядаўна кіраўніцтва аддзела атрымала падзяку ў адрас Дзяніса Зубкоўскага ад грамадзянкі вёскі Ракаў. Жанчына напісала, што ў іх доме даўно пасяліліся сямейныя скандалы. Калі на сігнал аб чарговым канфлікце прыбыў гэты малады ўчастковы, яна нават расчаравалася: хіба можна разлічваць на сур’ёзную дапамогу з боку такога “зялёнага” юнца? Але нечакана аказалася, што старшы лейтэнант Зубкоўскі ўмее быць настойлівым, пераканаўчым. Гутарку вядзе ветліва і аргументавана, а ўраўнаважанасць дзейнічае на дэбашыра эфектыўней за агрэсію. Мала таго, што спакой і цішыню міліцыянер забяспечыў за лічаныя хвіліны, жанчына ў дадатак атрымала надзею, што лад у яе доме яшчэ доўга не парушыцца. Ну што ж, як кажуць, пажывём – пабачым. Але адно можна сцвярджаць дакладна: у Валожынскі РАУС прыйшоў працаваць чалавек з вялікім прафесіянальным патэнцыялам.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars