Слава табе, родны камсамол, у дзень твайго нараджэння!

2 лістапада ў РЦК прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі і Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі.

    Яшчэ да пачатку ўрачыстасці гасцей у вестыбюлі сустракаў аркестр народных інструментаў Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў: мелодыі мінулых гадоў не толькі ўзнімалі настрой, але і вярталі ў прыемную, поўную рамантыкі і гераізму, пару маладосці. У фае была аформлена тэматычная выстава экспанатаў з экспазіцыі пакоя-музея “Родам з СССР”, пра камсамольцаў Валожыншчыны, якія ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху падчас Вялікай Айчыннай вайны, аднаўлялі раён пасля разрухі, узнімалі Цаліну, будавалі Байкала-Амурскую магістраль, дапамагалі калгасам і саўгасам, расказвалі фотаздымкі з архіваў раённага краязнаўчага музея пад агульнай назвай “Гэта наша з табой біяграфія”.

    Пачалося мерапрыемства невялікім экскурсам у гісторыю – ад моманту стварэння камсамола ў кастрычніку 1918 года да 90-х гадоў мінулага стагоддзя, якія сталі пераломнымі для ўсёй вялікай краіны СССР. Вельмі цікава і пазнавальна яго правяла дырэктар раённага краязнаўчага музея Н. П. Лоўчая.

    Юбілей сабраў разам лідараў розных гадоў – тых, хто імкнуўся быць у авангардзе, для каго камсамол стаў лёсавызначальным у далейшым жыцці. Гэта Сяргей Сяргеевіч Маляўскі, Мікалай Мікалаевіч Бабук, Леў Вадзімавіч Бяляўскі, Анатолій Пятровіч Лябёдка, Васілій Уладзіміравіч Астроўскі, Іван Францавіч Тамашэвіч, Ала Аляксандраўна Макарэвіч, Уладзімір Васільевіч і Алена Станіславаўна Шарапы, Ніна Іванаўна Садоўская, Галіна Станіславаўна Крывянцова, Таццяна Васільеўна Мікулевіч. Ад імя кіраўніцтва раёна ветэранаў камсамольскага руху вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч. Ён адзначыў, што камсамол славіўся не толькі сваімі добрымі справамі і яркімі імёнамі, але і традыцыяй моцнай дружбы, узаемаразумення і сапраўднага братэрства. Менавіта камсамол на працягу дзесяцігоддзяў стаў школай жыцця для савецкіх людзей. І няма ў гісторыі краіны больш магутнага маладзёжнага руху, чым ВЛКСМ. Гэта жывы дакумент, перагортваючы старонкі якога, адчуваем дыханне эпохі, бачым непаўторную сувязь часоў і пакаленняў. Вікенцій Мікалаевіч уручыў ганаровым гасцям памятныя сувеніры і падзячныя пісьмы за подпісам старшыні райвыканкама М. А. Астрэйкі.

    Ад імя ветэранаў-камсамольцаў слова было дадзена С. С. Маляўскаму, які назваў 100-годдзе камсамола святам іх жыцця, узгадаў, як весела тады жылі і самааддана працавалі, а таксама пажадаў моладзі быць паспяховымі, каб стаць годнымі грамадзянамі Беларусі.

    Ганаровай граматай райвыканкама за плённую дзяржаўную і патрыятычную дзейнасць, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна была ўзнагароджана І. С. Каваленка. Яна – выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Апошнія дзесяць гадоў з’яўлялася першым сакратаром Валожынскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, абавязкі выконвала на грамадскіх пачатках, а ўвогуле яе партыйны стаж складае 36 гадоў. Ірына Сяргееўна назвала камуністаў і камсамольцаў “жывым духам” усіх пяцігодак і новабудоўляў, асноўнай сілай, якая забяспечыла рэкорды вытворчасці працы. І да гэтай пары мільёны людзей захавалі ў сваіх сэрцах агонь незабыўнага камсамольскага юнацтва.

    Не так даўно раённую арганізацыю камуністаў узначаліла Н. П. Лоўчая. Яна падкрэсліла, што камуністычная партыя заўсёды падтрымлівала і падтрымлівае моладзь у добрых пачынаннях, і, карыстаючыся магчымасцю, напярэдадні свята 7 лістапада ўручыла ганаровыя значкі “100 гадоў ВЛКСМ” былым лідарам пераемніка камсамола, а цяпер камуністам-партыйцам С. Л. Ракавец і В. В. Загорскай.

    Раённая маладзёжная арганізацыя вядзе новы адлік з 2002 года. Напачатку верасня ГА “БРСМ” адзначыла свой дзень нараджэння. Першы сакратар райкама Юлія Лагуціна запэўніла, што сённяшнія члены Саюза моладзі стараюцца захоўваць традыцыі, адной з якіх з’яўляюцца студэнцкія атрады. У раёне штогод працуе каля 10 студатрадаў, дзе задзейнічаны каля 100 чалавек. У рамках працоўнага семестра-2018 лепшым прызнаны экалагічны атрад “Грэнада” з ліку навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя – хлопцы і дзяўчаты працавалі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна. Дыплом пераможцы яны атрымалі з рук М. М. Бабука.

    Ушанаваны ў той дзень і былыя першыя сакратары райкама БРСМ: Алег Аляксандравіч Бобрык, Галіна Фадзееўна Рай, Святлана Леанідаўна Ракавец, Наталля Паўлаўна Нямкевіч. Памятныя сувеніры ім уручыў Л. В. Бяляўскі. Ад імя лідараў пераемніка ВЛКСМ Н. П. Нямкевіч адзначыла, што цяперашняя маладзёжная арганізацыя – новае ўвасабленне ідэй колішняга камсамола. І хоць яны не ўзнімалі Цаліну і не будавалі БАМ, аднак на суботніках змаглі адрадзіць крынічку па вуліцы Кірава ў Валожыне, шмат папрацавалі на добраўпарадкаванні летняга амфітэатра ля гасцініцы “Карона”. Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” пастаянна дапамагаюць ветэранам і састарэлым людзям.

   Дзве гадзіны юбілейнай урачыстасці прайшлі на ўзнёслай ноце. А шлягеры мінулага стагоддзя ў выкананні салістаў і мастацкіх калектываў раённага Цэнтра культуры ўдала забяспечылі святочны настрой, далі магчымасць адпачыць душой і акунуцца ў маладосць. Як адзначалі пасля ветэраны-камсамольцы, іх агарнулі прыемныя пачуцці ад сустрэчы з сябрамі, яны адчулі сапраўднае задавальненне і гонар за тое, што ў нас такая цудоўная моладзь.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars