Падзеі мінулага тыдня

Общество

З нагоды Дня жанчын у аблвыканкаме адбылося мерапрыемства, на якім ушаноўваліся лепшыя працаўніцы, шматдзетныя і прыёмныя маці. Наш раён прадстаўляла кіраўнік Заслужанага фальклорнага калектыву «Гасцінец» Ракаўскага цэнтра адпачынку і вольнага часу, шматдзетная маці Лізавета Станіславаўна Пятроўская.

***

У мінулую суботу ў фізкультурна-спартыўным комплексе “Лагойск” праходзіла свята провадаў зімы і сустрэчы вясны “Масленіца на Лагойскім падворку”. Каманда з нашага раёна паказала добрыя вынікі ў спартыўнай частцы мерапрыемства і заняла ганаровае 2-е месца, саступіўшы толькі гаспадарам. У асабістым заліку пераможцам спаборніцтва па гірах стаў Дзмітрый Хлапяннікаў з Ракава.

***

У канцэртнай зале “Мінск” на дабрачынным канцэрце “Разам выратуем Вару” ў рамках акцыі “Добрае сэрца”, якую праводзіла абласная арганізацыя БРСМ, пабывалі больш за 30 жыхароў раёна. У праграме ўдзельнічалі вядомыя салісты і калектывы рэспублікі – П. Ялфімаў, І. Афанасьева, І. Дарафеева, браты Хлястовы, Г. Калдун і многія іншыя.

***

Напярэдадні абласнога семінара па рабоце школьных лясніцтваў у Вішнеўскай сярэдняй школе з’явілася мультымедыйная ўстаноўка коштам 4,5 мільёна рублёў. Грошы на яе набыццё былі выдаткаваны з раённага бюджэту. Аналагічныя сучасныя ўстаноўкі, з дапамогай якіх больш інфармацыйна насычаным становіцца любое мерапрыемства, маюць цяпер 11 школ раёна.

***

У сувязі са складанай дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама немэтазгоднасцю выкарыстання сродкаў на ўтрыманне прынята рашэнне ліквідаваць Навадворскую і Дварэцкую сельскія бібліятэкі. Усе матэрыяльныя каштоўнасці перададзены іншым установам культуры раёна. У будынку Дварэцкай бібліятэкі размесціцца мясцовы ФАП.

***

Нядаўна ў Санкт-Пецярбургу адбыўся 42 міжнародны марафон “Дарога жыцця”, прысвечаны 67-й гадавіне з дня поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. Удзельнічаў у ім і наш зямляк Тадэвуш Жалток. У сваёй узроставай катэгорыі спартсмен стаў першым, а ў абсалюце заняў ганаровае трэцяе месца.

***

З пачатку года ў аддзел занятасці звярнуліся 116 грамадзян. 68 з іх працаўладкаваныя, 21 чалавек накіраваны на вучобу. Зараз у раёне налічваецца 183 вакансіі, 70 працоўных месцаў арганізавана ў сферы прадпрымальніцтва.



Добавить комментарий