Нядаўна на базе Клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці прайшоў курс Амерыканскай акадэміі педыятрыі пад назвай «Першасная рэанімацыя нованароджаных». У ім удзельнічалі спецыялісты Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы – раённы педыятр, загадчыца і 2 медыцынскія сястры радзільнага аддзялення.
Як паведаміў газеце галоўны ўрач Валожыншчыны Павел Алегавіч Ганчар, у курс уваходзілі тэарэтычнае навучанне і адпрацоўка практычных навыкаў на спецыялізаваных манекенах. Па выніках курсаў усе навучэнцы атрымалі імянныя сертыфікаты, а таксама дадатковыя наборы, у якія ўвайшлі і манекены.
Спецыялісты райбальніцы не сталі адкладваць навучанне на базе сваёй установы «на потым». Напрыканы кастрычніка яны па ўласнай ініцыятыве правялі першы трэнінг для работнікаў установы аховы здароўя, якія непасрэдна кантактуюць з нованароджанымі. У трэнінгу ўдзельнічалі 2 акушэры-гінеколагі, 5 урачоў-педыятраў і фельчар хуткай медыцынскай дапамогі.
Правядзенне падобных мерапрыемстваў плануецца на пастаяннай аснове. Яны забяспечаць развіццё бесперапыннага навучання спецыялістаў райбальніцы без адрыву ад асноўнай дзейнасці.
Сяргей САДОЎСКІ,
фота прадастаўлена
Цэнтральнай раённай бальніцай