Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

З пачатку года 6 жыхароў раёна, што слаба бачаць, пабывалі ў санаторыі “Пад’ельнікі” Уздзенскага раёна Міншчыны.

    На базе гэтай здраўніцы знаходзіцца аддзяленне рэабілітацыі для людзей, якія маюць праблемы са зрокам. Пуцёўкі туды выдзяляюцца бясплатна ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У лістападзе паедзе на аздараўленне яшчэ адзін жыхар Валожыншчыны. Менавіта столькі пуцёвак выдзелена на бягучы год.

 

     Восеньскі “зарапад” узнагарод выпаў на долю нашага земляка, выпускніка гімназіі № 1 Валожына Дзмітрыя Курловіча. Заслугі маладога вучонага ацэнены высока на розных узроўнях.

    Рашэннем вучонага савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта за вучэбна-метадычны комплекс па зямельных інфармацыйных сістэмах, землеўпарадкаванні, глебазнаўстве і зямельных рэсурсах Дзмітрыю Міраслававічу Курловічу прысуджана прэмія А. Н. Сеўчанкі ў галіне прыродазнаўчых і тэхнічных навук. Герой Сацыялістычнай Працы Антон Нікіфаравіч Сеўчанка з 1957 па 1972 гады быў рэктарам Белдзяржуніверсітэта, і ў памяць пра выдатнага навукоўца-фізіка кожны год у навучальнай установе прысуджаюцца прэміі яго імя з уручэннем нагруднага знака. Таксама ў мінулым месяцы загадчыку кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта Д. М. Курловічу ўручана Ганаровая грамата Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую работу па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для іх сістэмы.

 

     У першыя дні канікулаў у РЦК Валожына прайшла сустрэча з дзіцячым пісьменнікам і выдаўцом Валерыем Квілорыя. Сустрэчу для школьнікаў гарадскіх школ арганізавалі работнікі дзіцячай бібліятэкі.

    Аўтар захапляльных дзіцячых апавяданняў у трэці раз пабываў у нашым горадзе. Кожны яго прыезд – свята для юных чытачоў. Ён цудоўна валодае аўдыторыяй, выдатны расказчык. Падчас сустрэчы пануе сяброўская атмасфера. У кніжным фондзе бібліятэкі маюцца больш за 50 кніг пісьменніка розных гадоў выдання, і на паліцах яны не застойваюцца. Школьнікі любяць чытаць вясёлыя, павучальныя, з элементамі фантастыкі кнігі В. Квілорыя. І падчас гэтай сустрэчы для бібліятэчнай сістэмы раёна набылі каля 30 новых кніг пісьменніка. У той дзень непасрэдна ў бібліятэцы прайшло яшчэ адно мерапрыемства – “Што прынёс нам паштальён”. Для наведвальнікаў лагераў з дзённым знаходжаннем СШ № 1 і СШ № 2 правялі агляд новых перыядычных выданняў. У бягучым годзе ў бібліятэку паступаюць каля 60 найменняў самых розных газет і часопісаў для дзяцей і падлеткаў.

 

     Насычаная і разнастайная праграма чакала вучняў СШ № 1 райцэнтра на асенніх канікулах: для малодшых школьнікаў працаваў лагер з дзённым знаходжаннем, аматары падарожжаў пабывалі не толькі ў Міры і Нясвіжы, але ў Польшчы і Германіі, неаднаразова наведаліся ў Мінск.

    Лагер пад гаворачай назвай “Прафстарт” стаў працягам ранейшага праекта “Пешаходка”, калі школьнікі знаёміліся з гістарычнымі мясцінамі Валожына і яго гісторыяй. На чарзе сталася знаёмства з прафесіямі. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі пазнаёміліся з прафесіямі дэкаратара, афарміцеля, мастака, аніматара, удзельнічалі ў мерапрыемствах і майстар-класах. У дзіцячай бібліятэцы – з прафесіяй бібліятэкара, у ДЮСШ, дзе пабывалі на экскурсіі, – трэнера. У дзень выратавальніка наведалі раённы рэсурсны цэнтр асновы бяспечнай жыццядзейнасці і пазнаёміліся з супрацоўнікам РАНС А. Радвіловіч. 26 кастрычніка 50 вучняў 3-11 класаў пабывалі на экскурсіі ў Мірскім замку і Нясвіжы. 4 лістапада 50 чалавек наведалі праграму “Цыркі свету” ў Дзяржаўным цырку. У Тэатры юнага гледача паглядзелі спектакль-мюзікл “Вясёлы Роджар” і ў той дзень таксама пабывалі ў інтэрактыўным музеі Я. Купалы. 30 школьнікаў і настаўнікі школы здзейснілі тур выхаднога дня і пабывалі на экскурсіях у польскім Вроцлаве і нямецкім Дрэздэне.

 

    У выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната шмат сяброў, якія прыязджаюць у гэту ўстанову і ладзяць канцэрты, спектаклі, спартыўныя гульні і проста бавяць разам з дзецьмі вольны час. Штогод армія валанцёраў папаўняецца.

    Студэнты ўніверсітэта культуры пабывалі ў Івянцы другі раз на працягу гэтага навучальнага года. Падчас аднаго дня на канікулах яны арганізавалі майстар-класы: расфарбоўвалі апельсіны, рабілі розныя падзелкі і аплікацыі, развучвалі гульні, правялі дыскатэку. У той дзень у доме-інтэрнаце было шумна і весела.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars