Форма – жаноцкасці не перашкода

Вікторыя Юр’еўна ВАЙЦЮЛЕВІЧ – ваеннаслужачая ў другім пакаленні. На Валожыншчыну яна трапіла разам з бацькамі. У воінскую часць 30151Ю, што размяшчаецца ў Гіравічах, прывёз сям’ю тата – кадравы афіцэр. Маці таксама працавала ў брыгадзе.

    Юная Вікторыя з маленства добра арыентавалася ў тонкасцях прафесій бацькоў. Таму з будучыняй вызначылася яшчэ ў школьныя гады. Бачыла сябе толькі ў форме. На жаль, у акадэмію не паступіла, таму вырашыла служыць па кантракце. Але гэта магчыма толькі з 19 гадоў. Давялося чакаць. За два гады паспела папрацаваць на заводзе, у дзіцячым садку, паступіла ў гандлёва-эканамічны каледж.

    Нарэшце, мара збылася – са званнем “радавы” дзяўчына прыступіла да службы ў якасці радыётэлефаністкі. Пасля скончыла школу прапаршчыкаў, атрымала новае званне і новую пасаду – узначаліла адзін з аддзелаў дывізіёна. Хоць мае дыплом юрыста, ніколькі не сумняваецца ў тым, што менавіта ў часці знайшла сваё прызванне. “Я займаюся любімай справай”, – сцвярджае прыгажуня ў пагонах. Менавіта дзякуючы службе сустрэла яна і асабістае шчасце. Будучы муж у Гіравічах праходзіў тэрміновую службу. Іх шлюбу хутка споўніцца шэсць гадоў. У сям’і падрастае сын Андрэй.

     Вікторыя Юр’еўна ўпэўнена: калі б яшчэ ў дзяцінстве не “захварэла” арміяй, была б добрым педагогам. Яна любіць дзяцей, выдатна іх разумее. Для сына і пляменнікаў мае невычэрпны запас казак, гульняў, песень, іншых забаў.  Саслужыўцы адзначаюць, што жыццё па статуце ніколькі не перашкаджае прапаршчыку Вайцюлевіч быць жаноцкай. У яе – звычайныя для жанчыны хобі. Любіць вязаць, шыць, цудоўна гатуе (асабліва пірагі), захапляецца модай. Вось толькі ў літаратуры і кіно аддае перавагу дэтэктывам.

    Вікторыя Юр’еўна лічыць: ваенная форма – не перашкода жаноцкасці, хутчэй, наадварот, – стымул для самавыяўлення сябе як жанчыны. Яна служыць з радасцю, таму раіць дзяўчатам на поўным сур’ёзе разглядаць магчымасць армейскай кар’еры.

 Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars