Сведчанне веры і любові

Дзень успаміну адышоўшых у вечнасць вернікаў – асаблівая нагода ўзгадаць і ўшанаваць продкаў.

    Не ўсе памерлыя адразу ідуць на неба. Некаторым неабходна прайсці праз чысцец. Наша вера падказвае, што там душы ачышчаюцца ад таго, за што не паспелі адпакутаваць на зямлі. Малітва і ахвяра святой Імшы дапамагаюць ім у гэтым. Касцёл нічога не кажа наконт часу прабывання ў чыстцы, пра яго месцазнаходжанне ці пра тое, як адбываецца працэс збаўлення. Святы Аўгусцін і іншыя хрысціянскія філосафы параўноўвалі чысцец да агню. Падобна таму, як агонь спальвае ўсё слабае і загартоўвае моцнае, так і чысцец знішчае наступствы грэшнасці чалавека, каб ён мог увайсці ў радасць неба.

    Касцёл памятае пра памерлых на працягу ўсяго літургічнага года, але месяц лістапад з’яўляецца асаблівым. 2 лістапада і наступныя восем дзён мы ходзім на месцы пахаванняў, дзе молімся за продкаў і верым, што такім чынам дапамагаем ім. Наша малітва і сведчанне веры дае таксама надзею на тое, што калісьці і нам хтосьці дапаможа на шляху да неба.  

    Варта не забывацца пра духоўнае значэнне ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, бо малітоўная памяць мае вялікую моц. Разам з тым нельга адмаўляцца ад знешніх атрыбутаў: упарадкавання магілак, упрыгожвання іх кветкамі, запальвання свечак. Наведвайце магілы не толькі блізкіх вам людзей. Разам з дзецьмі прыходзьце да магіл невядомых асоб, да тых, хто аддаў жыццё за веру, Айчыну або стаў ахвярай ваенных канфліктаў. Гэта можа быць добрай нагодай, каб расказаць маладому пакаленню пра даўніну, гісторыю. А адлюстраваннем нашай памяці няхай стане ўдзел у святой Імшы, малітва на ўпарадкаваных могілках з кветкамі і запаленымі лампадамі. Святы Аўгусцін казаў: “Слёзы па памерлых высыхаюць, кветкі на магіле вянуць, а малітва дасягае сэрца Найвышэйшага”.

    Амерыканская паэтка ХIХ стагоддзя Эмілі Дзікінсан напісала: “Тыя, каго мы любім, ніколі не паміраюць, таму што любоў – гэта несмяротнасць”. Кіруючыся духам любві, мы ўсё жыццё памятаем пра нашых памерлых, а 1 і 2 лістапада, калі адзначаецца ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін памерлых вернікаў, мы тым больш павінны шчыра за іх памаліцца, аддаць даніну павагі і атрымаць за гэта ласку для ўласнай душы. 

    На месцы вечнага спачынку важна паводзіць сябе адпаведна. Могілкі – гэта асаблівае і святое месца. Таму не толькі ў лістападзе, але і ў іншы час мы павінны дбаць, каб там панавала атмасфера спакою, розуму, цішыні і малітвы. На могілках не дазваляецца крычаць, весці шумныя размовы, зласловіць. Недапушчальна тут курыць цыгарэты, ужываць алкаголь, ездзіць на ровары ці механічных транспартных сродках, выгульваць сабак.

     Дагледжаныя помнікі і запаленыя там свечкі – сведчанне нашай веры, павагі перад непазбежнай вечнасцю. А таксама заклік – “спяшацца любіць людзей, бо яны так хутка адыходзяць…” (Словы польскага святара і паэта Яна Твардоўскага).

З пастырскім благаславеннем,

Антоні ДЗЯМ’ЯНКА, біскуп Пінскі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars