Сусветны дзень спіраметрыі

     У кастрычніку 2018 года з мэтай прыцягнення ўвагі да рэгулярнага абследавання органаў дыхальнай сістэмы па ўсёй краіне прайшла рэспубліканская акцыя “Сусветны дзень спіраметрыі і лёгачнага здароўя”.

    Захворванні бронхаў і лёгкіх ва ўмовах вялікіх гарадоў не рэдкасць. Забруджанае паветра, праца на небяспечных для здароўя вытворчасцях, алергічныя рэакцыі, стрэсы, курэнне – усё адбіваецца на органах дыхання не лепшым чынам. Усяго ж такога роду захворваннямі пакутуе каля трэці насельніцтва планеты.

      Акрамя курэння, не менш сур’ёзнымі магчымымі прычынамі захворванняў органаў дыхання з’яўляюцца: пражыванне ў раёнах з неспрыяльным экалагічным фонам, праца на шахтах і прадпрыемствах хімічнай прамысловасці, вымушанае пастаяннае ўдыханне дыму, які ўтвараецца ад згарання дроў, вугалю і г. д. Неабходна памятаць, што спачатку хваробы працякаюць бессімптомна, а гэта можа прывесці да незваротнасці працэсу.

    Для ранняй дыягностыкі паталогіі лёгкіх і бронхаў выкарыстоўваецца метад спіраметрыі. Даследаванне бясшкоднае, супрацьпаказанняў і ўзроставых абмежаванняў у яго няма. Так дыягнастуюцца вострыя і хранічныя бронхалёгачныя паталогіі рознага паходжання. Даследаванне функцыі вонкавага дыхання праводзіцца як здаровым пацыентам, так і з паталогіяй органаў дыхання. У нашай краіне працэдура праводзіцца на айчынным прыборы «МАС-1». Апарат ёсць і ў Валожынскай паліклініцы ў кабінеце функцыянальнай дыягностыкі. Абследаванне праводзіцца ў ранішнія гадзіны, нашча, пасля 15-20-хвіліннага адпачынку. Як мінімум за гадзіну да даследавання рэкамендуецца ўстрымацца ад курэння і ўжывання моцнай кавы. Дыягностыка спрыяе выяўленню паталогій і іх наступнаму эфектыўнаму лячэнню.

Ганна ВІЛЬКЕВІЧ,

урач-тэрапеўт Валожынскай ЦРБ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars