Праблема – псарыяз

    29 кастрычніка ў Беларусі прайшоў Дзень прафілактыкі псарыязу. Мэта акцыі – прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы. У розных краінах ад гэтай хваробы пакутуе ад 1 да 5% насельніцтва. Сярод дзяцей часцей хварэюць дзяўчынкі, сярод дарослых – мужчыны. Пачацца можа ў любым узросце.

    Псарыяз – хранічнае запаленчае захворванне скуры. Пашкоджаная скура пры гэтым праходзіць цыкл «аднаўлення» не за месяц, а ўсяго за 4 дні, што выклікае яе патаўшчэнне і іншыя спецыфічныя праявы. Гэта не інфекцыйнае захворванне, і заразіцца ім нельга. Псарыяз можа паўздзейнічаць на суставы і ўнутраныя органы, што нярэдка прыводзіць да інваліднасці.

    Існуе мноства версій, чаму ўзнікае захворванне: імуналагічная прырода, неўралагічныя расстройствы, парушэнне абмену рэчываў, экалагічныя фактары і многія іншыя. Лічыцца, што калі псарыязам пакутуе адзін з бацькоў, то рызыка развіцця хваробы ў дзіцяці складае 8%, калі абодва бацькі – 41%. Дадзены тып ўзнікае, як правіла, у 15-35 гадоў.

     Адным з пускавых механізмаў псарыязу з’яўляецца псіхаэмацыянальнае або фізічнае перанапружанне, таму для яго прафілактыкі рэкамендуецца пазбягаць стрэсаў і асвоіць метады рэлаксацыі (масаж, дыхальная гімнастыка, медытацыя). Неабходна надаваць асаблівую ўвагу ладу жыцця, харчаванню, догляду за скурай. Вялікую ролю адыгрывае навакольнае асяроддзе і рэгулярны адпачынак: лепш за ўсё праводзіць лета на дачы ці ў вёсцы. Свежае паветра і актыўны рух таксама дапамагаюць у справе прафілактыкі псарыязу. Людзям, схільным да захворвання, рэкамендуецца займацца фітнесам тры разы на тыдзень, хадзіць у басейн ці рабіць гімнастыку дома. Спецыяльнай дыеты няма, але варта звесці да мінімуму спажыванне тлустых, смажаных, вэнджаных прадуктаў. Таксама рэкамендуецца пазбягаць прадуктаў-алергенаў – шакаладу, цытрусавых, таматаў, морквы, арэхаў, яек, грыбоў, мёду, кавы. Колькасць і цяжар абвастрэнняў памяншаецца з дапамогай выканання гэтых нескладаных рэкамендацый.

Алена ПУСЯНКОВА,

урач-дэрматолаг Валожынскай ЦРБ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars