Капейка рубель беражэ

Калі чалавек з душой ставіцца да сваіх прафесіянальных абавязкаў, то гэта будзе відаць заўсёды, нават тады, калі ён адпачывае.

    Прынамсі такое меркаванне склалася ў мяне пра начальніка ўчастка ачысткі РУП “Валожынскі жылкамунгас” Людмілу Іосіфаўну Жалтко. На экскурсіі выхаднога дня ў Івянцы яе пільнае вока заўважыла, як работнік аднаго з прыватных магазінаў старанна ўпакоўваў лісты кардону. Жанчына станоўча ацаніла яго дзеянні і дадала: “Шкада, што мала хто задумваецца, наколькі выгадна здаваць другасную сыравіну…”

    Цяпер для гэтага створаны ўсе ўмовы. Жылкамунгас штодня адпраўляе па зададзеных маршрутах перасоўны нарыхтоўчы пункт, які купляе ў насельніцтва шклабой, макулатуру, ПЭТ-бутэлькі, поліэтылен, няспраўную бытавую тэхніку. Райцэнтр тройчы на тыдзень аб’язджае аўтамабіль, спецыялізаваны для збору адходаў, якія падлягаюць перапрацоўцы. Жыхары Папоўкі могуць яго бачыць па панядзелках з 8.30 да 10.00, серада адведзена для абслугоўвання вуліцы Партызанскай, пятніца – для мікрараёна Сельгастэхніка.

    Падлічана: калі раздзяляць смецце і здаваць яго нарыхтоўшчыкам, то штомесяц можна зарабіць да 2-х рублёў. Магчыма, хтосьці запярэчыць: не такія ўжо і вялікія грошы. А, між тым, за адвоз цвёрдых бытавых адходаў мы за месяц выкладаем ад 1 рубля 30 капеек да 1 рубля 60 капеек. Прыкіньце, якая сума набягае за год ці больш. Некаторыя людзі ўжо адчулі выгаду і актыўна ўключыліся ў магчымасць папоўніць сямейны бюджэт за кошт разумнага стаўлення да адходаў.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars