Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

За шматгадовую плённую працу на ніве беларускай культуры і друку, выдатныя дасягненні ў галіне беларускага кнігадрукавання кіраўніку народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціне Гіруць-Русакевіч уручана Падзяка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь А. М. Карлюкевіча.

    Валянціна Францаўна за сваю актыўную дзейнасць на ніве асветы не абдзелена ўвагай, а ў дні святкавання юбілейнага дня нараджэння – тым больш. Чарговае ўзнагароджванне юбіляркі праходзіла 3 лістапада ў Літаратурным музеі М. Багдановіча падчас II Міжнароднага форуму маладых пісьменнікаў Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей.

 

     Аддзяленне дзюдо ДЮСШ адкрылася ў Івянцы на базе спартыўнага клуба “Вітаўт”. У дзвюх групах займаюцца 20 дзяцей. Заняткі вядзе трэнер з Мінска Віктар Міцкевіч, які раней курыраваў нацыянальную жаночую каманду па самба.

    Не так даўно адміністрацыя ДЮСШ закупіла 30 камплектаў кімано для заняткаў гэтым відам спорту на суму каля 1500 рублёў. Дваццаць з іх перададзены ў Івянец.

 

     Пастаянна дзеючая экспазіцыя “Родам з СССР” папаўняецца новымі экспанатамі. Выдзелены ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” пакой становіцца цесным.

    Зусім іншымі фарбамі зайгралі экспанаты часоў СССР, калі былі выстаўлены на агляд у РЦК падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды стагоддзя камсамола. Людзі розных пакаленняў не толькі з цікавасцю іх разглядалі, але і спяшаліся сфатаграфавацца побач. А не так даўно прыязджалі на экскурсію вучні Дорскага ВПК.

    Да 100-годдзя ВЛКСМ перадала свае шматлікія граматы жыхарка райцэнтра Данута Канстанцінаўна Шарко. Настаўніца Вера Іванаўна Гедроіць падзялілася кнігамі з уласнай бібліятэкі, наборамі адкрытак, сярод якіх быў і “60 гадоў камсамолу”, духамі “Чырвоная Масква” і “Ірыс”, настольнымі пісьмовымі наборамі і інш. Зусім іншага кшталту рэчы перадала яшчэ аднага жыхарка Валожына Тамара Мікалаеўна Шорнікава: насценны гадзіннік, тканы пояс, розныя побытавыя рэчы з ручной вышыўкай.

 

    Паслугі таксі ў Валожыне аказваюць некалькі перавозчыкаў. І калі яшчэ колькі гадоў таму ім мала хто карыстаўся, то цяпер валожынцы пры неабходнасці едуць на таксі ў паліклініку, на рынак, нават у цырульню.

    Не так даўно ў райцэнтры стала працаваць новае таксі, якое аказвае паслугі кругласутачна. А вось у Івянцы такі від дзейнасці не прыжыўся.

 

     У дзіцячай бібліятэцы райцэнтра пабывалі на экскурсіі вучні Яршэвіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа разам з настаўніцай Аленай Валер’еўнай Каласковай.

    Іх пазнаёмілі з бібліятэчнымі фондамі, работай чытальнай залы і перыядычнымі выданнямі, якія туды паступаюць. Рабяты прынялі ўдзел у літаратурнай экспедыцыі “Вясёлыя гісторыі пра зверанят”. А для малых з дзіцячага сада № 3 члены клуба “Кругагляд”, што шмат гадоў працуе пры бібліятэцы, паказалі спектакль па казцы Леаніда Улашчанкі “Каток і мышка”.

 

    У памяшканні ДЮСШ прайшла таварысцкая гульня па міні-футболе паміж камандамі нашага і Маладзечанскага раёнаў, у якіх былі ігракі 2009-2010 гадоў нараджэння.

    Нашы юныя землякі пад кіраўніцтвам капітана Ягора Бараноўскага перайгралі сваіх маладзечанскіх равеснікаў з лікам 6:5.

 

     Нават у невялікім населеным пункце можна жыць весела і цікава, калі ў клубных установах працуюць творчыя людзі.

    Загадчыца Суднікаўскага сельскага клуба Таццяна Пятроўна Часнок разам з бібліятэкарам Жаннай Яўгенаўнай Мойса правялі конкурсна-забаўляльную праграму “Мы – сябры прыроды” для вучняў мясцовай сярэдняй школы. Для школьнікаў былі падрыхтаваны цікавыя конкурсы “Жывая і нежывая прырода”, “Эрудыт”, “Жывёлы”, тэматычныя загадкі. Найбольш актыўных і эрудзіраваных узнагародзілі прызамі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars