Участковы інспектар – справа яго жыцця

Закон и порядок

       Прайшло амаль два гады, як участковы інспектар адміністрацыйнага ўчастка, які знаходзіўся на тэрыторыі былога Узбалацкага сельскага савета, Ігар Уладзіміравіч СУХАДОЛЕЦ пайшоў на заслужаны адпачынак. Але да гэтай пары мужчыну сніцца, што ён працуе ў органах, а жыхары вёсак зоны яго абслугоўвання звоняць і просяць дапамогі і парады.

    У Валожынскі РАУС Ігар Уладзіміравіч прыйшоў у пачатку далёкага 1990 года. На выбар прафесіі паўплывала служба ў арміі. У складзе Софрынскай брыгады аператыўнага прызначэння мотастралковай дывізіі асобага прызначэння імя Ф. Э. Дзяржынскага Унутраных войскаў МУС СССР падтрымліваў грамадскі парадак у Маскве, пабываў ва ўсіх гарачых кропках былога Савецкага Саюза. Удзельнічаў у спыненні армянскіх пагромаў у горадзе Сумгаіт, армяна-азербайджанскага канфлікту ў Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці, ліквідацыі масавых беспарадкаў у горадзе Баку, спыненні міжэтнічнага канфлікту ў Ферганскай даліне Узбекістана, навядзенні канстытуцыйнага парадку ў Грузіі і інш.

    Працу ў міліцыі пачынаў у патрульна-паставой службе, праз паўгода стаў інструктарам па баявой і фізічнай падрыхтоўцы групы кадраў. Калі гэту пасаду скарацілі, перайшоў у ізалятар часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту. А ў 1996 годзе назначылі ўчастковым інспектарам адміністрацыйнага ўчастка, у склад якога ўваходзілі Узбалацкі і Забрэзскі сельскія саветы. У першым размяшчалася 9 населеных пунктаў і пражывала паўтары тысячы чалавек, у другім было 18 вёсак з агульнай колькасцю насельнікаў 1700 чалавек. Работы хапала, транспарту не было, прыходзілася нават у самыя аддаленыя месцы дабірацца пешшу ці на папутных машынах. Пераймаў вопыт у людзей, якіх і сёння лічыць сваімі настаўнікамі – В. С. Юшы, І. М. Трацэўскага, У. У. Жамоздзіна, А. У. Віршыча, А. А. Жамоздзіна. Паступова Ігар Уладзіміравіч знаёміўся з жыхарамі, шмат працаваў з нядобранадзейнымі асобамі.

    Чатыры гады сям’я Сухадольцаў жыла ў Валожыне, а пасля міліцыянеру прадаставілі добраўпарадкаванае службовае жыллё ў Дубіне. Паціху мужчына абжываўся на новым месцы і станавіўся сваім для вяскоўцаў. Тут ён зразумеў, што гэта сапраўды яго справа. Ігару Уладзіміравічу падабалася мець пастаянныя зносіны з людзьмі, дапамагаць ім. Участковы інспектар хутка разрульваў самыя складаныя жыццёвыя сітуацыі, пры гэтым заўсёды стараўся быць прынцыпіяльным і аб’ектыўным, праяўляў цярпенне і вытрымку. Кіраўніцтва высока цаніла адказнага работніка. І. У. Сухадолец беражліва захоўвае шматлікія граматы і падзякі, якімі быў узнагароджаны на розных узроўнях, мае медалі і адзнакі. Яго партрэт размяшчаўся на раённай Дошцы гонару. У 2012 годзе быў прызнаны лепшым супрацоўнікам РАУС. Адбываліся і павышэнні ў званні. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць лейтэнантам, а на заслужаны адпачынак пайшоў маёрам. Але наш герой лічыць, што самая галоўная яго ўзнагарода – людская павага.

    За гады працы ў органах шмат чаго здаралася. Расказваць пра разнастайныя выпадкі Ігар Уладзіміравіч можа бясконца. Але найбольш запомніліся “ліхія” 90-я, калі прыйшлося затрымліваць братоў з вёскі Дайноўка. З дзяцінства яны былі схільныя да крадзяжоў, а калі споўнілася па 15-17 гадоў, то збеглі з дому і пайшлі бадзяцца. У лесе ў Смаргонскім раёне збудавалі сабе зямлянку, куды і зносілі тое, што набылі “непасільнай працай”. Ад іх пакутавалі ўсе бліжэйшыя населеныя пункты як Валожынскага, так і Смаргонскага раёнаў. Хлопцы прыходзілі ў дамы, білі шыбы і забіралі ўсё, што хацелі. Яшчэ горш стала, калі браты выкралі паляўнічае ружжо. Цяпер для іх ўжо наогул ніякіх перашкод не існавала. Калі ў аддзяленне паведамілі, дзе знаходзяцца злачынцы, што пагражаюць ружжом, аператыўнікі выехалі на месца здарэння. Застацца ў жывых дапамог толькі выпадак. Затрымлівалі братоў на кукурузным полі. Тыя стралялі ў супрацоўнікаў амаль ва ўпор, але патроны адсырэлі ў зямлянцы, і ружжо давала асечкі. Ігар Уладзіміравіч стараўся адгаварыць хлопцаў ад непапраўных дзеянняў, і ў выніку гэта атрымалася. Пасля суд прыгаварыў іх да 9-і і 7-і гадоў пазбаўлення волі.

    За час працы было шмат сумнага, але здараліся і кур’ёзныя выпадкі, калі гаспадыні прасілі адшукаць украдзеную свойскую жывёлу і птушку, а пасля дзякавалі ўчастковаму, што знайшоў у саломе парсючка, ці што суседзі аднеслі курэй, бо пабаяліся інспектара.

    Ігар Уладзіміравіч 21 год адслужыў на адным месцы. За гэты час прыкіпеў душой да працы, а мясцовыя жыхары сталі сапраўды блізкімі: кожнага ведае ў твар, калі нарадзіўся, чым жыве. Многія з іх да гэтай пары лічаць яго сваім участковым інспектарам і просяць парады, бо ведаюць, што на гэтага чалавека заўсёды можна разлічваць. На працягу многіх гадоў Ігара Уладзіміравіча выбіраюць дэпутатам мясцовага сельскага савета.

    І. У. Сухадолец мог поўнасцю аддаваць сябе любімай справе дзякуючы падтрымцы жонкі, Наталлі Рыгораўны, якая працуе загадчыцай аддзялення паштовай сувязі ў Дубіне. Мужчына ведаў, што дома чакаюць і перажываюць за яго. Разам яны выгадавалі дачку і сына, цяпер цешацца ўнуку. Дзядуля з бабуляй радуюцца кожнаму яго прыезду.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий