Словы мы апраўдваем справамі

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Сяргеевіч ЧЫЧКІН:

СЛОВЫ МЫ АПРАЎДВАЕМ СПРАВАМІ

    Кожны год у сельскай гаспадарцы не падобны да іншых. Адзін адметны высокімі намалотамі, другі – сакавітым травастоем, трэці вызначаецца надоямі. Сёлетні год для аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны таксама добра ўпісваецца ў гэту канцэпцыю.

    Аксіёма, што чым больш у сельскагаспадарчага статка корму, тым лепш гэта праявіцца ў вытворчасці аднаго з асноўных прадуктаў – малака, – вядомая ўсім. Сёлета кожная гаспадарка раёна істотна павысіла свой кармавы патэнцыял. Калі летась паказчык адзначыўся на ўзроўні 19 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, то ў бягучым годзе гэта лічба ўзнялася да 27 цэнтнераў. А гэта ўжо важкі рэзультат!

    Планамерна мадэрнізуецца і сама вытворчая база. За кошт абласнога бюджэту і ўласных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў уведзены ў эксплуатацыю 14 новых сіласна-сянажных траншэй. Плануюцца ў запуск 2 новыя клюшачнікі ў Пяршаях і Дубіне (адзін з іх з наступным уводам малочна-даільнага блоку), распачата будаўніцтва такога аб’екта ў ААТ «Суднікаўскі», яшчэ адзін будуецца сёння ў КСУП «Пяршаі-2014».

    Абнаўляецца і машынна-трактарны парк раёна. Для скарачэння тэрмінаў правядзення палявых работ, нарыхтоўкі кармоў, выканання тэхналагічных аперацый у раслінаводстве і жывёлагадоўлі па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 146 ад 02.04.2015 г. праз лізінгавыя кампаніі былі набыты для гаспадарак Валожыншчыны 12 энерганасычаных трактароў «МТЗ-3522» і 12 дзевяцікорпусных плугоў да іх, 2 раздатчыкі-змешвальнікі кармоў «ІСРК-12», дыскатар «АПД-7,5», граблі «ГРЛ-9,5», а таксама 4 высокапрадукцыйныя кормаўборачныя комплексы «КВК-800» і 5 зернеўборачных камбайнаў «КЗС 12-18».

    Але не трэба забываць, што за ўсімі паказчыкамі і лічбамі, якімі мы ганарымся, стаіць самаадданая, напружаная праца многіх людзей. Прыміце ж, шаноўныя, самыя шчырыя віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу!

    Уменні жыць і працаваць на зямлі, шчыраваць у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, беражліва і рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы застаюцца галоўнымі прыярытэтамі ў выкананні штодзённых задач. Нізкі паклон работнікам і ветэранам аграпрамысловага комплексу, усім аграрыям за самаадданую і добрасумленную працу, за высокі прафесіяналізм, за хлеб на нашых сталах! Моцнага здароўя вам, шчасця і ўдачы.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars