Найбольш пытанняў – па дарогах:

Официально

гэты кірунак тэлефоннага дыялогу быў прыярытэтным падчас «прамой лініі» з удзелам старшыні райвыканкама М. А. Астрэйкі.

    Першы званок да кіраўніка раёна прагучаў з дома № 20 па вуліцы Партызанскай райцэнтра. Субяседніца пацікавілася наконт магчымасці ўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі – устаноўкі там дзіцячай пляцоўкі. Мікалай Анатольевіч пасля размовы даручыў адказным службам выехаць на месца, разабрацца з сітуацыяй. Калі работы магчыма правесці, то выканаўцы прыступяць да іх будучай вясной.

    Пытанне правядзення ямачнага рамонту ўчастка дарогі з Вішнева да Багданава (а таксама вуліцы П. Падрэза ў аграгарадку Багданаў) узнялі адразу два заяўнікі. Па распараджэнні старшыні райвыканкама на мінулым тыдні туды адправілася брыгада работнікаў са спецтэхнікай «Тайфун». Яны правялі заліўку ям сумессю шчэбню і бітумнай эмульсіі да Дзясятнікаў. Але работы давялося прыпыніць з-за дажджу. Закончыцца непагадзь – справа адновіцца.

    Яшчэ адну дарожную праблему агучылі жыхары вёскі Камароўка, што ў Дорскім сельсавеце: неабходна спрафіляваць вуліцу і падсыпаць яе пяском. М. А. Астрэйка распарадзіўся задаволіць турботы вяскоўцаў. Як стала вядома, грэйдар ужо прайшоў па Білуцях, Адамполлі, Камароўцы і Даманоўшчыне. Затрымку з падсыпкай справакавала толькі дрэннае надвор’е.

    Прыкладна такая ж бяда і ў жыхароў Ганькавічаў: 300-метровы ўчастак дарогі перыядычна размывае ападкамі. Там неабходна пракапаць канаву для сцёку вады. Адказныя службы ўжо валодаюць сітуацыяй і прымаюць меры па яе вырашэнні.

    Са скаргай на жылкамунгас звярнулася да кіраўніка Валожыншчыны жыхарка вуліцы Загараднай райцэнтра. Яшчэ 12 чэрвеня там праклалі цэнтральны водаправод. А вады няма і дагэтуль. Аказваецца, не ўсё так адназначна. Сапраўды, работы былі закончаны ва ўказаны тэрмін. Аднак, як патлумачылі ў РУП «Валожынскі жылкамунгас», дагаворы на спажыванне вады заключылі толькі 9 з 42 жыхароў гэтай вуліцы. Пракладку водаправода арганізацыя зрабіла за ўласны кошт і выставіла рахункі спажыўцам з растэрміноўкай сумы на 12 месяцаў. Двое гараджан увогуле адмовіліся плаціць, астатнія чагосьці чакаюць. У такой сітуацыі зусім не дзіва, што водаправод не эксплуатуецца. Сумленнасць павінна быць з абодвух бакоў.

    Апошняя адрасаваная старшыні райвыканкама просьба тычылася тэрмінаў узаемаразлікаў сельгасарганізацый з жыхарамі за здадзеную жывёлу. Жыхарцы вёскі Сакаўшчына, напрыклад, арганізацыя павінна каля 2,5 тоны зерня. Упраўленне райсельгасхарчу цяпер займаецца вырашэннем пытання, як і калі жанчына (ды і ўсе, хто сутыкнуўся з названай праблемай) атрымае належнае.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий